У сталічных дамах да канца года заменяць 229 ліфтаў

18 февраля 2016

Новыя пад'ёмнікі – гэта, ў першую чаргу, камфортныя кабіны, з пашыранымі дзвярыма, праз якія зручна завозіць дзіцячыя каляскі і інвалідныя крэслы. Яны энергазберагальныя і рухаюцца бясшумна.

Усяго на замену выдаткавана 80 мільярдаў рублёў. У сталічным жылфондзе амаль 13 тысяч ліфтаў, якія штогод праходзяць дбайную праверку. Калі стаж кабіны перавышае 25 гадоў, яе дасканала правяраюць на спраўнасць.

У тэхнічных тонкасцях разабралася Юлія Токар. Міхаіл Галцееў – вядучы інжынер лабараторыі экспертызы і дыягностыкі пад'ёмнікаў – штодзень разам са сваёй брыгадай правярае тэхнічны стан ліфтаў. Наяўнасць ланцугоў бяспекі, праца абмежавальніка хуткасці і агульная спраўнасць ліфта – асноўныя паказчыкі бяспечнага руху. Кантрольная дыягностыка займае больш за 14 гадзін.

Для надзвычайных сітуацый, каб мінімізаваць шлях тармажэння, пад'ёмнікі абсталяваныя імгненным лавіцелем. Тут жа тры цягавыя страховачныя канаты, якія вытрымліваюць больш за 21 тону. Спраўнасць усіх прыстасаванняў правяраюць раз на месяц.

Пасля дбайнай праверкі пад'ёмнік з 28-гадовым стажам спраўна працуе, таму можна ўпэўнена ім карыстацца яшчэ не менш як тры гады.

Прычым, выслуга гадоў для ліфта – лічба важная. Усе 13 тысяч сталічных пад'ёмнікаў раз на год праходзяць дэталёвую праверку. Калі выяўлены няспраўнасці, дэталі тэрмінова мяняюць. А вось што датычыцца ліфтаў, якія працуюць больш за 25 гадоў, а такіх у сталіцы - амаль пяць тысяч, іх дыягнастуюць. Пасля станоўчай ацэнкі тэрмін эксплуатацыі прадаўжаюць да трох гадоў. У адваротным выпадку ліфт мяняюць на новы.

Найбольшая колькасць ліфтаў - у Першамайскім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах. На рахунку кожнага ЖРЭА - амаль па дзве тысячы пад'ёмнікаў. Да вясны ў горадзе з'явіцца 24 новыя ліфты, зараз ідзе іх мантаж.

Новае пакаленне пад'ёмнікаў – гэта ў першую чаргу камфортныя кабіны, з больш шырокімі дзвярыма - дзеля зручнасці маці з каляскамі і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Акрамя таго, сучасныя ліфты - энергазберагальныя і рухаюцца бясшумна.