У сталічную новабудоўлю ўжо некалькі месяцаў не могуць засяліцца

3 сентября 2015

Сталічная новабудоўля №17 па вуліцы Шугаева, што ў мікрараёне Уручча, на першы погляд даўно гатовая. Але члены жыллёвага кааператыва "Першамайскі-2" некалькі месяцаў чакаюць, калі іх дом здадуць і яны змогуць засяліцца. Наталля Кузьміцкая разбіралася ў прычынах, якія перашкаджаюць вырашыць гэтае жыллёвае пытанне.

Дзіцячая і кантэйнерная пляцоўкі, паркоўка. Тэрыторыя ля гэтай новабудоўлі добраўпарадкавана, будаўнічыя бытоўкі даўно прыбралі, але ўжо амаль два месяцы дом не здаюць у эксплуатацыю. І гэта ўжо не кажучы пра тое, што жыллёвы кааператыў быў створаны ў 2009 годзе, а будаўніцтва пачалося ў 2013.

Вольга Субоцька разлічвала першы раз у першы клас адвесці свайго сына Данііла ў школу побач з новым домам. Да верасня маладая сям'я планавала засяліцца ў новую кватэру.

Такія ж планы былі і ў астатніх членаў жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва "Першамайскі-2". Будучыя навасёлы пачалі набываць мэблю і матэрыялы для рамонту. Аднак ад таго што кошт квадратнага метра з чэрвеня вырас на 15%, планы прыйшлося змяніць, а фінансы - пераразмеркаваць. А між тым на гэты час усе работы на аб'екце былі завершаны, а значыць, і пераразліку не павінна было быць.

Арганізацыя-заказчык - упраўленне капітальнага будаўніцтва “Усход” -тлумачыць: сапраўды, тэрміны ўводу дома вымушаны былі перанесці. Прычына - карэкціроўка праекта інжынерных сетак: з генплана выключылі жылы дом №19 па вуліцы Шугаева.

Аднак на пытанне, чаму кошт кватэр павялічыўся на дзясяткі мільёнаў, ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва так і не адказалі. Таму будучыя навасёлы вымушаны былі звярнуцца з нотай да кіраўніцтва горада і стварыць рэвізійную камісію, якая і праверыць усю фінансавую справаздачу.