У сталічным рэгіёне выбралі самую ўважлівую і творчую жанчыну-вадзіцеля

23 мая 2017

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Аўталэдзі” прайшоў у Жодзіне. За тытул лепшай спаборнічалі трынаццаць аўтамабілістак. Гэта прадстаўніцы розных раёнаў. Яны дэманстравалі навыкі кіравання і рамонту аўтамабіля, а таксама прэзентавалі ўласнае аўто і паказвалі творчыя нумары.

Падчас конкурсу прайшоў і жаночы аўтапарад. Падрабязней - Аляксандра Кавеліч.

Аўто Ганны Хандрыкі складана не заўважыць. Прадстаўніца Нясвіжскага аўтамабільнага аб'яднання, а таксама, як бачна, маці траіх дзяцей, за рулём ужо больш за 6 гадоў. Прызнаецца, да конкурсу рыхтаваліся ўсёй вялікай сям'ёй.

З такой жа мэтай сёлета ў Жодзіна прыехалі трынаццаць аўталэдзі сталічнага рэгіёна. Падчас конкурсу яны дэманструюць не толькі навыкі кіравання, але і творчыя здольнасці, прэзентуюць уласнае аўто. Да гэтага задання падышлі крэатыўна.

Васьмёрка, дыяганальная паркоўка і заезд у бокс. Канкурсанткі спрытна разбураюць стэрэатыпы пра жанчын за рулём - упэўнена выконваюць усе каманды журы, на выдатна спраўляюцца з тэарэтычнымі заданнямі.

Гэтая пляцоўка на пэўны час ператварылася ў аўтамайстэрню. У ролі механікаў сёння аўталэдзі. Яны павінны даказаць, што ведаюць, як карыстацца балонным ключом і дамкратам, бо галоўнае выпрабаванне на гэтым этапе - замяніць кола аўтамабіля. Юліі Пукач на гэта спатрэбілася менш за тры хвіліны.

Дзмітрый Варанюк, першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ, арганізатар конкурсу: "Часцяком дзяўчына за рулём можа фору даць шмат у чым мужчынам. І гэты конкурс падкрэслівае, што яны не толькі могуць прафесійна кіраваць аўтамабілем. Але яны і, як звычайна, чароўныя, і іх аўто не меней чароўныя. І гэта такі сонечны вясновы яркі конкурс, і мы хочам яго развіваць, тым больш што менавіта пераможца ад Мінскай вобласці летась стала лепшай аўталэдзі".

Паўтарыць леташні поспех паспрабуе прадстаўніца Мінскага раёна Ніка Раманава. Менавіта яна сёлета стала лепшай аўталэдзі і прадставіць сталічны рэгіён на рэспубліканскім этапе конкурсу.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя