У сталічным маладзёжным бізнес-інкубатары працуе летні лагер

13 июня 2019

Зарабіць першыя грошы, а заадно даведацца,  як пачаць уласную справу. Летні працоўны лагер у сталічным маладзёжным бізнес-інкубатары прымае школьнікаў. Вучні задзейнічаны ў розных напрамках  - ад б'юці-сферы да маркетынгу. І гэта толькі адзін з праектаў сацыяльнай службы. На працягу дзесяці гадоў спецыялісты дапамагаюць развіваць перспектыўныя праекты. Зараз іх звыш 150. Аляксандра Кавеліч сустрэлася з прадпрымальнікамі.

Кіламетры карункаў і тысячы паетак. Тут хутка падхопліваюць усе трэнды вясельнай моды. На тое, каб стварыць ідэальную сукенку, у майстроў усяго 2 дні. Алена Васкабовіч асабіста правярае кожны ўбор. Свой бізнес за апошнія тры гады яна пашырыла  амаль што ўдвая, калі стала рэзідэнтам маладзёжнага бізнес-інкубатара. 

А ў гэтых спецыялістаў, бадай, самая юная калега. Свой першы працоўны вопыт Марыя Цярэшчанка атрымлівае ў 8-м класе. Гэта яшчэ адзін з праектаў маладзёжнага бізнес-інкубатара. Другі год запар тут арганізоўваюць летні працоўны лагер для школьнікаў. 

Ужо 10  гадоў тут падтрымліваюць маладых бізнесменаў і іх перспектыўныя стартапы. Напрыклад, дапамагаюць з бухгалтэрыяй і арэндай памяшканняў. 

Прычым гэтая пляцоўка не толькі бізнес, але і адукацыйны цэнтр. Сваім вопытам з пачаткоўцамі дзеляцца і самі рэзідэнты. У школе прадпрымальніцтва разбіраюць юрыдычныя і фінансавыя тонкасці, з якімі сутыкаюцца падчас адкрыцця ўласнай справы. 

Ад ідэі да гатовага праекта. Ментары падказваюць, як працаваць у розных сферах - ад інтэрнэт-продажаў да рэстараннага бізнесу. Дарэчы, наступны курс стартуе ў верасні.