У Стоўбцах і вёсцы Слабада пасля нападу шалёнага ваўка ўведзены карантын

28 января 2019

Вялікі рэзананс у грамадстве выклікалі падзеі гэтых выхадных дзён у адным з рэгіёнаў Беларусі. Напад дзікай жывёліны на людзей. У Стоўбцах і вёсцы Слабада на два месяцы ўведзены карантын - такое рашэнне сёння прыняў мясцовы райвыканкам пасля нападу ваўка на людзей. Лабараторнае даследаванне галаўнога мозга жывёліны паказала, што яна была хворая на шаленства. З заўтрашняга дня ў рэгіёне пачынаецца вакцынацыя хатніх жывёл. У мінулую суботу позна ўвечар у міліцыю паступіла некалькі паведамленняў пра напад ваўка. Уладзімір Каралёў перадае з месца падзей.

Напад на людзей у вёсцы Слабада - тэма нумар адзін для ўсяго Стаўбцоўскага раёна. Першыя ахвяры ваўка ішлі з электрычкі дахаты. У двары аднаго з пацярпелых дагэтуль сляды крыві.

Вынік крывавай бойні - чацвёра пацярпелых. Множныя раны ад укусаў, адна з жанчын дагэтуль у цяжкім стане. Воўк забіты.

Лабараторнае даследаванне галаўнога мозга жывёліны паказала, што яна была заражана шаленствам. У рэгіёне аб'яўлены карантын. Такое рашэнне прыняў Стаўбцоўскі райвыканкам.

Карантын у Стоўбцах і вёсцы Слабада падоўжыцца да 26 сакавіка. З заўтрашняга дня падаўжаецца рэжым працы ветстанцый. Спецыялістам трэба прышчапіць ад шаленства ўсіх хатніх жывёл, якія трапляюць у зону рызыкі.

Неўзабаве ветэрынары наведаюць усе падворкі ў вёсцы Слабада. Жыхары Стоўбцаў абавязаныя самі наведаць ветстанцыю для іх жа бяспекі.

Гэта вельмі небяспечна, шаленства прыводзіць да гібелі.