У Салігорску на глыбіні 420 метраў працуе аддзяленне клінікі спелеалячэння

17 сентября 2018

Бальніца пад зямлёй. У Салігорску на глыбіні 420 метраў размясцілася аддзяленне клінікі спелеалячэння. Дзякуючы чырвонай солі тут адбываецца поўнае абеззаражанне паветра. Калій чысціць асяроддзе ад алергенаў. Такая працэдура стала часткай санаторнага лячэння для тысячы беларускіх дзяцей з хранічнай астмай, сінусітам і хваробамі лёгкіх.

Расказвае Юлія Грызунт.

Дыягназ "астма" з'явіўся ў картцы Валерыі Захарык, калі ёй было ўсяго тры гады. Самы страшны прыступ адбыўся ў 13 гадоў, тады дзяўчына страціла магчымасць дыхаць на тры хвіліны. З тых часоў Валерыя заўсёды носіць з сабою спецыяльны балончык, які аднаўляе дыханне. Аднак некалькі гадоў таму яна знайшла месца, дзе ён дакладна ёй не спатрэбіцца.

Дзякуючы чырвонай солі - сільвініту - тут, у шахце, адбываецца поўнае абеззаражанне паветра. Калій чысціць асяроддзе ад алергенаў. Гэтая сільвінітная пячора лічыцца адзіным падобным лячэбным комплексам у свеце. Працэдуру прайшлі ўжо 12 000 беларускіх дзяцей з хранічнай астмай і іншымі захворваннямі лёгкіх.

Гэтае аддзяленне бальніцы спелеалячэння знаходзіцца на глыбіні 420 метраў.

Працэдура з боку выглядае дзіўна: дзеці тры гадзіны гуляюць у більярд, баскетбол, футбол, займаюцца на трэнажорах. Каб лячыцца, ім трэба проста дыхаць.

Паводле слоў дактароў, стэрыльнасць асяроддзя тут можна параўнаць хіба што з аперацыйнай. Паветра ўзбагачаецца гаючымі ўласцівасцямі: саляным аэразолем і лёгкімі адмоўна зараджанымі іонамі. Мікраклімат стабільны: вільготнасць заўсёды 60 %, тэмпература - 16 градусаў.

Трохтыднёвы курс лячэння ўключае таксама інгаляцыі, масаж і лячэбныя ванны. Для кожнага - да 6 працэдур кожны дзень.

Наталля Дубовік, намеснік галоўнага доктара па медыцынскай частцы Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння: "Пацыенты з астмай прымаюць лекавыя прэпараты амаль пажыццёва, пасля лячэння ў нас у іх з'яўляецца магчымасць і надзея на тое, што яны альбо напалову знізяць колькасць прэпаратаў, альбо аж да поўнай адмены будуць знаходзіцца ў добрай працяглай рэмісіі".

Штогод тут праходзяць курс лячэння да 3 000 дзяцей і яшчэ больш за тысячу дарослых пацыентаў. Пасля аб'яднання бальніцы спелеалячэння з санаторыем "Зялёны бор" дапамогу сталі аказваць незалежна ад узросту. З 2013 года колькасць маленькіх пацыентаў павялічылася ў 5 разоў.

Аздараўленчы комплекс працуе цэлы год. 14 лячэбных змен. Для дзяцей тут ёсць школа. Кожны дзень - урокі, усё па-сапраўднаму, з кантрольнымі і дамашнімі заданнямі. У канцы заезду кожны атрымлівае ведамасць з ацэнкамі.