У Смалявіцкім раёне сёння праходзіць суботнік

20 июля 2016

Працягваецца аказанне дапамогі пацярпелым ад стыхіі. Сёння суботнік у Смалявіцкім раёне. Камунальныя і дарожныя службы, будаўнікі, работнікі прадпрыемстваў і ратавальнікі працуюць на расчыстцы завалаў.

Да канца тыдня неабходна поўнасцю прыбраць смецце, паваленыя дрэвы і па магчымасці аднавіць дахі ў пашкоджаных будынках. Антаніна Станкевіч пра калектыўную дапамогу.

Сапраўдны асілак Арцём Міхайлаў нібыта пушынку паднімае велізарнае бервяно адной правай. Ратавальнік, а па сумяшчальніцтве кандыдат у майстры спорту па паўэрліфтынгу на расчыстцы завалаў працуе ледзь не за траіх. Тым больш што і сам жыве побач, а падчас стыхіі якраз нёс варту ў вёсцы Зарэчча.

Дапамагаюць хто чым можа і работнікі раённых прадпрыемстваў: вось там рабочыя БелАЗа грузяць у кузаў галінкі, а побач спецыялісты трыкатажнай фабрыкі распілоўваюць вялікія ствалы на дровы. У будучыні яны паслужаць палівам для тых кацельняў, што якраз і працуюць на дровах. Да такога імправізаванага суботніка далучаюцца многія неабыякавыя людзі.

Дапамагаюць наводзіць парадак у сваіх вёсках і самі пацярпелыя. У суседняй сумна вядомай Куляшоўцы ледзь не кожны двор ператварыўся ў будпляцоўку: каму падрамантаваць гаспадарчыя пабудовы, а каму ледзь не цалкам аднавіць дом. Будаўнічыя матэрыялы падвозяць з раёна.

Брыгада са Слуцка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Барынава працуе у вёсцы з панядзелка. За тры дні ўжо цалкам аднавілі адзін дах, і зараз прыняліся за бадай што самы разбураны будынак. Працаваць будуць да васьмі вечара сёння і цэлы дзень заўтра, каб у выхадныя гаспадары змаглі справіць другое наваселле.

Толькі ў цэнтральным рэгіёне стыхія пашкодзіла больш за тысячу жылых, грамадскіх і сельскагаспадарчых будынкаў. Колькі ж дрэў зламала ці вырвала з карэннем, і падлічыць немагчыма. Такія імправізаваныя суботнікі прадоўжацца да канца тыдня ў Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах - менавіта яны найбольш пацярпелі ад урагану.