У Слуцкім раёне выбралі самую таленавітую, творчую і клапатлівую бабулю

7 марта 2017

У Слуцкім раёне выбралі самую таленавітую, творчую і клапатлівую... бабулю! У фінал конкурсу "Супербабуля" прайшлі дзевяць жанчын, якія жыццё прысвяцілі выхаванню дзяцей і сям'і і ў той жа час адважыліся праявіць свае творчыя здольнасці. На сцэне Дома культуры ў Гольшчыцах «супербабулі» дэманстравалі кулінарныя, музычныя і нават «мадэльныя» таленты. З жанчынамі з вялікай літары пазнаёмілася Юлія Токар.

Гольшчыцкі Дом культуры ўпершыню запрашае на конкурс «Супербабуль». 9 самых таленавітых жанчын Слуцкага раёна прадставяць свае падвор'і і творчыя шоу-праграмы, дзе нават будзе дэфіле ў вячэрніх сукенках.

Раіса Калядка – бабуля на ўсе рукі майстар. Гісторыю свайго жыцця паказала ў вершах, удала рыфмуе радкі, шые ў тэхніцы тэкстыльнай мазаікі, выпякае для маленькіх унукаў салодкія вафельныя кошыкі і пернікі ў выглядзе баравічкоў.

Не толькі рукадзельніца... Раіса Іванаўна па прафесіі харэограф. Любоў да танцаў пранесла праз усё жыццё. І нават на сёлетнім конкурсе на сцэне смела прадэманстравала танец свайго юнацтва.

Конкурс самапрэзентацыі, музычныя і танцавальныя нумары, паказ вячэрняй моды. Дзевяць жанчын элегантнага ўзросту спаборнічалі за самае, бадай, ганаровае званне – супербабулі.

А вось для Валянціны Бабініч прафесія ўжо стала сапраўдным прызваннем, узнагародай і падарункам адначасова. У чулым і вялікім сэрцы прыёмнай маці знайшлося месца для васьмярых дзяцей. Дружная сям'я прыехала падтрымаць сваю адзіную і любую матулю.

Яны таленавітыя, творчыя і, самае галоўнае, клапатлівыя. Сваё жыццё гэтыя жанчыны прысвяцілі сем'ям, выхаванню дзяцей і ўнукаў таму кожная з 9 фіналістак конкурсу не проста бабуля, а сапраўды з прыстаўкай супер.