Роўна 55 гадоў таму ён пераадолеў зямное прыцягненне і за 108 хвілін абляцеў усю планету... Дванаццатага красавіка - дзень, калі Юрый Гагарын сказаў сваё знакамітае «Паехалі!», адзначаецца сёння як Дзень касманаўтыкі. А між тым, першаму ў гісторыі палёту чалавека ў космас пасадзейнічалі і беларусы. Імёны, якія назаўсёды засталіся ў летапісе сусветнай касманаўтыкі, - ў рэпартажы Антаніны Станкевіч.
Дзмітрый Масакоўскі сёння за настаўніка. 10-класнік расказвае вучням малодшых класаў усё, што ведае пра космас. А ведае хлопец нямала. Аўтар шматлікіх даследчых праектаў, удзельнік розных конкурсаў - у тым ліку і Гагарынскіх чытанняў - захапіўся тэмай з падачы настаўніка фізікі.
У слуцкай гімназіі № 1 касмічнай тэматыкай захапляюцца невыпадкова: менавіта тут у свой час вучыўся канструктар Сямён Козберг. Ён, у тым ліку, працаваў над рухавіком унутранага згарання, які падняў у неба касмічны карабель «Усход». Таму нядзіўна, што сёння класныя гадзіны і факультатыўныя заняткі прысвечаныя касманаўтыцы.
А гэта ўжо вёска Сорагі - і яе жыхары таксама адзначаюць Дзень касманаўтыкі з асаблівым імпэтам. Мясцовая школа ўвогуле носіць імя Канстанціна Герчыка - генерала.
У гэтай школе сёння таксама праводзяць тэматычныя лінейкі і пазакласныя заняткі. І не толькі для таго, каб дзеці даведаліся пра нешта новае. Не выключана, што прыклад знакамітага земляка можа натхніць каго-небудзь з вучняў.
Жыхары менавіта цэнтральнага рэгіёна зрабілі нямала для развіцця касманаўтыкі. Толькі ў Слуцкім раёне - амаль сто чалавек, якія мелі дачыненне да астраноміі. Іх імёны назаўсёды застануцца ў летапісе сусветнай касманаўтыкі.













