У Слоніме прайшло ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства

1 сентября 2019

Беларусь сёння адзначае Дзень ведаў і Дзень пісьменства. Гэтыя два святы ўдала спалучылі ў Слоніме - сталіцы сёлетняга фестывалю роднага слова. Там першакласнікаў урачыста павіншавалі ў гарадскім парку і ўручылі падарункі ад Прэзідэнта - кнігу "Беларусь - наша Радзiма".

З раніцы ў горадзе таксама прайшло ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства  і помніка Льву Сапегу. Што ў гэтыя хвіліны адбываецца падчас  свята,  даведаемся ў Вольгі Мядзведзь (прамое ўключэнне). 

Можна сказаць шчыра: у святочныя гулянні акунуўся ўвесь горад. Усяго 16 пляцовак: ад тэматычных з сустрэчамі з аўтарамі да, напрыклад, турыстычнай. Там праводзяць аглядныя экскурсіі па  напрамках  Слонім гістарычны, культурны, архітэктурны.

Найбольш яскравай падзеяй стала, безумоўна, адкрыццё форуму. На галоўнай сцэне тэатралізаванае дзейства пад назвай "Зямля мая беларуская" адправіла гледачоў  у падарожжа ў часе і паказала самыя цікавыя моманты з гісторыі Слонімшчыны. У канцэрце прынялі ўдзел зоркі беларускага тэатра і эстрады, народныя і заслужаныя артысты.

Узнагародзілі і лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.  Дыпломы, прызы і  грашовыя прэміі ўручылі па  шасці намінацыях. Мікалай Маляўка стаў аўтарам лепшага паэтычнага зборніка, за лепшы празаічны твор узнагароджаны Алег Ждан, прэмію за публіцыстычную работу атрымаў Віктар Хурсік, лепшы твор для дзяцей напісаў Уладзімір Ягоўдзік. Дэбютам года прызнана Станіслава Умец, а лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства ў Святланы Калядкі.

Знамянальнай падзеяй цырымоніі адкрыцця і ўвогуле ў культурным жыцці Гродзеншчыны стала перадача ў дар рарытэтнага асобніка Статута Вялікага Княства Літоўскага.

Забаўныя праграмы будуць на ўсіх пляцоўках горада да самага вечара. А ў 20 гадзін на галоўнай сцэне Слонім перадасць эстафету наступнаму гораду – Бялынічам. Завершыць Дзень беларускага пісьменства - 2019 вялікі гала-канцэрт "Льецца песня па-над Шчарай" з феерверкам.