У наступным годзе ў Мінску ўзвядуць дзве школы і чатыры дзіцячыя садкі

18 августа 2016

Сацыяльныя аб'екты з'явяцца ў новых мікрараёнах горада. У асноўным гэта тычыцца самага густанаселенага – Фрунзенскага раёна. Дарэчы, тут ужо сёлета рыхтуюць да адкрыцця адразу два садкі на 230 месцаў кожны. Басейн, трэнажоры, камп'ютарны клас і памяшканні для творчага развіцця. Калі для дзяцей адчыняць дзверы новыя сады – раскажа Аляксандра Драгун.

Гэта памяшканне з цацкамі для развіцця дробнай маторыкі, рознакаляровымі дапаможнікамі і развіваючымі гульнямі - не адна з груп сада, гэта кабінет псіхолага. Аб камфорце і ўтульнасці гэтага пакоя дбае не толькі Вольга Крэўчык – педагог-псіхолаг, дапамагаюць новыя калегі. Кажа, агульная справа – падрыхтоўка садка да наваселля – яднае.

Новы дзіцячы сад стане 81-й установай для выхавання дашкалят у самым густанаселеным раёне сталіцы – Фрунзенскім. Тут прадугледжаны медыцынскі блок з працэдурным і інгаляцыйным кабінетамі, сучасны басейн з сушылкамі, спартыўная і зала для заняткаў эстэтычнага профілю.

Урачыстае адкрыццё садка запланавана на 22 жніўня. Хутчэй за ўсё, гэты дзень стане для дзяцей накшталт забаўнага падарожжа па «краіне дзяцінства». Дарэчы, установа разлічана на 230 месцаў. Гэта дзве групы для самых маленькіх, якія толькі вучацца размаўляць, і 10 груп – для дзяцей ад трох да сямі гадоў.

Наталля Праскурава, намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска: 

"Калі браць канкрэтна Каменную Горку, то на сённяшні дзень там функцыянуе 6 дашкольных устаноў, якія былі адчыненыя за апошнія 3-4 гады. Сёлета мы адкрылі ў чэрвені дашкольная ўстанова ў мікрараёне Масюкоўшчына і 2 дашкольныя установы мы адчыняем у жніўні і верасні".

Гэта 44-ты дзіцячы сад, што ў мікрараёне Каменная Горка - 5. Тут ужо завяршылі будаўнічыя работы. Зараз усе сілы сканцэнтраваныя на тое, каб падрыхтаваць памяшканні для расстаноўкі мэблі і абсталявання.

На базе садка плануюць адкрыць «школу бацькоўства», дзе маладыя сем'і будуць практыкавацца ў выхаванні сваіх малышоў і атрымліваць кампетэнтную дапамогу ў гэтым пытанні.

Звонку тэрыторыя сада ўжо добраўпарадкаваная. Ля будынка зелянее газон, гарэзлівую дзятву чакаюць гульнявыя пляцоўкі з альтанкамі, горкамі, арэлямі. Ёсць на тэрыторыі гарадок ДАІ для вывучэння правілаў дарожнага руху. Ноу-хау 44-га сада – міні-амфітэатр – дадатковая плошча для сумесных свят.

У наступным годзе ўзвядуць яшчэ чатыры дзіцячыя садкі ў крокавай даступнасці ў новых мікрараёнах горада.