У наступным годзе беларусы змогуць застрахаваць сябе ад беспрацоўя

21 октября 2016

Такія планы агучыла нашаму тэлеканалу намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. Дадатковае страхаванне - штомесячныя адлічэнні, як фізасобамі, каб засцерагчы сябе ад беспрацоўя, так і юрасобамі ў выпадку банкруцтва. Аб дакладных лічбах пакуль гаварыць рана, зараз ствараецца міжведамасная рабочая група. Туды ўвойдуць прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў, эканомікі, Федэрацыі прафсаюзаў, а таксама самі наймальнікі. Плануецца, што адлічэнні будуць менш за 1 % ад зарплаты. Гэтыя грошы будуць назапашвацца ў дзяржфондзе, які будзе выплачваць дапамогі ў выпадку неабходнасці.

Алена Манкевіч, намстаршыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "І вось гэтае дадатковае страхаванне дасць яму магчымасць весці і падтрымліваць той узровень жыцця, які ён вёў да гэтага. І спакойна падшукваць сабе працу, якая падыдзе яму, паводле яго прафесійных даных, паводле яго вопыту працы і паводле яго чаканняў, у кожнага чалавека свае чаканні ад працы, ад заробку".

Такая сістэма страхавання сябе добра зарэкамендавала ў Бельгіі, Нарвегіі, а таксама ў краінах Азіі.