У Следчым камітэце прад'явілі канчатковае абвінавачанне Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку

14 мая 2018

Нявыплата падаткаў і фальсіфікацыя дакументаў: у Следчым камітэце Беларусі прад'явілі канчатковае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да кіраўніка і бухгалтара прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Размова ідзе пра Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Зыходзячы са звестак СК, можна гаварыць аб тым, што ў хуткім часе матэрыялы ў дачыненні да абвінавачаных будуць перададзены пракурору для накіравання ў суд. У сувязі з чым Следчы камітэт сёння агучыў падрабязнасці нямэтавага выкарыстання грошай, што паступілі ад замежных партнёраў у адрас нібы прафсаюза. Падчас праверкі, якую праводзіла фінансавая міліцыя, высветлілася, што старшыня Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар арганізацыі Ігар Комлік з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза банкаўскія рахункі ў Літве. У 2011-м туды сталі паступаць грошы з-за мяжы.

Згодна з разлікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў, сума нявыплачаных падаткаў прафсаюзам РЭП перавысіла 22 тысячы рублёў з улікам дэнамінацыі. Варта таксама адзначыць, што Генадзь Фядыніч як службовая асоба парушыў патрабаванне Нацбанка Беларусі аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой.

Падчас следства была атрымана інфармацыя, што грошы расходаваліся не па прызначэнні, а для справаздачы Фядыніч і Комлік прад’яўлялі замежным партнёрам падробленыя дакументы. Акрамя таго, у матэрыялах справы ёсць звесткі, якія змяшчаюць прыкметы супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачаных аж да 2017 года. Па гэтых фактах ідзе дадатковая праверка, каб разлічыць суму нявыплачаных падаткаў за гэты час, прыцягваюцца органы фінансавых расследаванняў. Зараз Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Што да меры стрымання, то яна не звязана з абмежаваннем свабоды, падкрэслілі ў СК. Адзначым, санкцыя артыкула прадугледжвае да 7-мі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Абодва прадстаўнікі прафсаюза адмовіліся як-небудзь пракаменціраваць сітуацыю, спаслаўшыся на тое, што ўсё скажуць у судзе.