У Скідалі тры гады ў гарадской бальніцы закрыты стацыянарны корпус

25 марта 2019

Гэтую праблему, якая павінна была вырашыцца яшчэ на мясцовым узроўні, але ў выніку дайшла да Кіраўніка дзяржавы,   на кантроль узялі і мы ў нашай рубрыцы   "Зваротная сувязь". Жыхары Скідаля  звярнуліся да Прэзідэнта са сваім набалелым пытаннем напярэдадні “Вялікай размовы”. Вось ужо тры  гады  ім прыходзіцца за 20 кіламетраў дабірацца да абласнога цэнтра,  каб прайсці медабследаванне або трапіць на прыём да вузкага спецыяліста. У мясцовай гарадской бальніцы закрыты  цэлы стацыянарны корпус. Капітальны рамонт тут абяцаюць зрабіць кожны год, але пакуль нават не гатова праектна-каштарысная дакументацыя. І гэта пры тым, што Скідаль - горад-спадарожнік Гродна. Чаму мясцовыя ўлады  бяздзейнічаюць і вымушаюць людзей звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі? Якім бачыцца рашэнне праблемы,  разбіраўся Юрый Карняловіч.

Жыхарка Скідаля Святлана Себасцьяновіч прызнаецца:  цяжка назіраць,  як будынак былога стацыянара трухлее на вачах. А яшчэ некалькі гадоў назад тут размяшчаліся адразу некалькі аддзяленняў, праводзіліся ўнікальныя хірургічныя аперацыі. Сёння ў горадзе засталася толькі паліклініка, а па высокакваліфікаваную  дапамогу прыходзіцца дабірацца за 20 кіламетраў у Гродна.

Гэты корпус мясцовай бальніцы быў пабудаваны яшчэ ў 79 годзе. І функцыянаваў да пачатку 2000. Па ўзроўні аказання медыцынскіх паслуг скідальская  медустанова з'яўлялася лідарам у рэгіёне. Аднак фінансаванне паступова скарачалася.

З 2005 года ў гэтым будынку не было нават касметычнага рамонту. У той час бальніцу перадалі ў падначаленне гораду Гродну. Паступова трухлелі камунікацыі, прыходзілі ў непрыдатнасць вокны. І апошні пацыент пакінуў гэты корпус у кастрычніку 2017 года.

У планах адміністрацыі клінікі - капітальны рамонт трухлявага корпуса,  вядома ж,  значыўся. Тут правялі вялікую падрыхтоўчую працу. Абнавілі суседні будынак паліклінікі, куды часова і перавялі стацыянарныя аддзяленні. Але будаўнікі на аб'екце так і не з'явіліся, бо не была  падрыхтавана праектная дакументацыя.

Аляксандр Дзерачэнік, загадчык філіяла "Скідальская  гарадская бальніца" гарадской паліклінікі № 5 горада  Гродна: "У будынку паліклінікі адрамантавалі цалкам першы, другі паверх. Тры чацвёртых памяшканняў на 3-м і 4-м паверхах. А вось пытанне з вырабам праектна-каштарыснай дакументацыі  затармазілася  ў 2016 годзе. І мы былі змушаныя правесці  працы па кансервацыі гэтага будынка".

Справа зрушылася з мёртвана пункта  толькі сёлета. Неабходныя сродкі на вырабы праекту рэканструкцыі корпуса ўжо запланаваныя ў гарадскім бюджэце.

Алег Перагарулька, намеснік галоўурача Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі: "Запланавана вылучыць 250 тысяч беларускіх рублёў. Па выніках вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі будзе зразумела,  колькі неабходна сродкаў на правядзенне капітальнага рамонту старога корпуса. Капітальны рамонт будзе ўключаны ў абласную інвестыцыйную праграму на 20-21 гады. І рамонтныя працы там будуць абавязкова праведзеныя".

Да таго часу жыхарам Скідаля прыйдзецца запасціся  цярпеннем, і пакуль усё ж прыязджаць на прыём да вузкіх спецыялістаў у Гродна. Пры неабходнасці ж экстраннай медыцынскай дапамогі, яе акажуць у любой бальніцы абласнога цэнтра.