У сістэме аховы здароўя Мінскай з'явяцца 4 тэрытарыяльныя цэнтры

18 декабря 2018

У сістэме аховы здароўя Мінскай вобласці працягваецца работа па стварэнні 4 тэрытарыяльных цэнтраў: паўднёвага, усходняга, заходняга і цэнтральнага. Там размесцяць высокатэхналагічнае абсталяванне і медыцынскія кадры. Такім чынам дыягностыка будзе больш дакладнай і даступнай.

Адзін з медыцынскіх кластараў - Салігорск, там пачала працаваць новая паліклініка № 2. У ёй пабываў Аляксей Кандраценка.

Новая паліклініка для новых мікрараёнаў. 5-павярховы будынак гарманічна ўпісаўся сярод новабудоўляў Салігорска. Статысячны горад расце, а значыць без яшчэ адной установы аховы здароўя не абысціся. У гэтым пераканалася і жыхарка Салігорска Зінаіда Шкілюк. Упершыню дзяўчыне не трэба ехаць на прыём да ўрача агульнай практыкі з ускраіны ў цэнтр. 

Усяго ў паліклініцы 6 аддзяленняў, у тым ліку хірургічнае і рэнтгеналагічнае з найноўшым абсталяваннем. 

У цэлым сістэма аховы здароўя Салігорска ў найбліжэйшы час ўзмоцніцца дзякуючы як новаму медыцынскаму абсталяванню, так і кваліфікаваным спецыялістам. 

У перспектыве Салігорская паліклініка № 2 стане міжраённай. Фактычна сюды змогуць прыязджаць пацыенты з поўдня цэнтральнага рэгіёна.

Такім чынам медыцынскае абсталяванне і паслугі пры неабходнасці будуць даступнымі жыхарам адразу шасці раёнаў Мінскай вобласці. А гэта Любанскі, Слуцкі, Старадарожскі, Капыльскі, Нясвіжскі і Клецкі.