У Шумілінскім раёне знайшлі медаль "За працу па першым усеагульным перапісе насельніцтва"

17 октября 2019
У Беларусі працягваецца трэці ў гісторыі краіны перапіс насельніцтва. Дарэчы, перапісаліся ўжо амаль чатыры мільёны чалавек. З іх больш як паўтара мільёна на пытанні адказалі анлайн. Таксама ў краіне працуюць стацыянарныя ўчасткі для перапісу і мабільныя групы, якія выязджаюць на прадпрыемствы.

Сімвалічную знаходку падчас важнай падзеі для краіны выявілі ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці. У рукі мясцовага калекцыянера патрапіў медаль "За працу па першым усеагульным перапісе насельніцтва", датаваны 1897 годам. Рарытэт знайшлі на гародзе. Медаль праляжаў у зямлі больш за стагоддзе, але нягледзячы на гэта амаль ідэальна захаваўся. Каму ён належыў, застаецца загадкай. 

Вядома, што падчас праўлення Мікалая Другога такімі медалямі ўзнагароджвалі людзей, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва.