У школе Клецкага раёна вучні змогуць паглыблена вывучаць ІТ

8 октября 2019

Тэхналогіі будучыні! У школе Клецкага раёна адкрыўся STEM-цэнтр! Вучні ўсіх узростаў  цяпер змогуць паглыблена вывучаць ІТ. На базе школы працуе спецыяльны клас, дзе знаёмяцца з высокімі тэхналогіямі і вывучаюць пачатковыя алгарытмы. Школьнікам старэйшых класаў прапаноўваюць стварыць сапраўдных робатаў. З падрабязнасцямі Ілья Цвяткоў.

Стварыць цэнтр для падрыхтоўкі IT-спецыялістаў на базе сваёй школы дырэктар Сяргей Дубман планаваў ужо некалькі гадоў таму. Рэалізаваў ідэю ў гэтым годзе - разам з усім калектывам! Спачатку настаўнікі прайшлі спецыяльныя курсы. Затым адкрылі клас праграмавання для вучняў пачатковай школы. А цяпер тут з'явілася сапраўдная лабараторыя для распрацовак у сферы мадэлявання і робататэхнікі. 

3D-прынтар, графічныя планшэты, праграміруемыя мікрасхемы і вялікая колькасць набораў канструктара для стварэння мадэляў – інструменты юных інжынераў. Тут распрацоўваюць робатаў-афіцыянтаў, робатаў-мастакоў і нават прататыпы марсаходаў.

Асноўныя ўмовы для стварэння падобных STEM-класаў – гэта вялікая колькасць свабоднай прасторы і ідэальна роўная падлога, каб вось такія машыны маглі праходзіць палявыя выпрабаванні.

З маленькімі інтэлектуаламі вывучаюць тэорыю праграмавання, выконваюць простыя алгарытмы. А пасля ствараюць свае мультфільмы – самастойна пішуць сцэнарый і код для праграмы. 

Цэнтр высокіх тэхналогій працуе ўвесь тыдзень і нават у суботу. Тут неўзабаве змогуць займацца вучні з усіх школ раёна. Бонус - курсы для бацькоў. Праграмаванню можна будзе вучыцца ўсёй сям'ёй. 

Разумныя машыны вучняў рассветаўскай школы ўжо займаюць месцы на прэстыжных тэхнаконкурсах і выставах. У лістападзе лепшыя распрацоўкі адправяцца на рэспубліканскі робатурнір у Пінск.