У школах і гімназіях Мінска праходзяць урачыстыя лінейкі з нагоды завяршэння навучальнага года

29 мая 2019

Для 26 000 школьнікаў выпускных класаў гучыць апошні званок! Абітурыентаў пасля школьных экзаменаў чакае цэнтралізаванае тэсціраванне і паступленне ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, а пакуль хвалюючыя моманты, успаміны і радасныя эмоцыі. Атмасфера святочнага апошняга званка - у Юліі Токар.

Гэта самы хвалюючы дзень у навучальным годзе. Выпускнікі развітваюцца са школай. Сёння яны ўжо не стаяць ля дошкі, не правяраюць хатнія заданні, ды і форма ў іх асабліва ўрачыстая. З кветкамі і цёплымі словамі яны звяртаюцца да настаўнікаў і з апошнім званком уступаюць у дарослае жыццё.

Апошнія парады свайму 9-му "Б" дае Наталля Шапяцько. І хоць складаны навучальны год для юнакоў і дзяўчат у мінулым, наперадзе - першыя экзамены. Таму ўжо заўтра класны кіраўнік чакае вучняў на кансультацыю. 

І хай размовы толькі пра перспектывы - сярод выпускнікоў будучыя юрысты, праграмісты, медыкі. Школьны час з асаблівым трапятаннем узгадваюць бацькі, якія разам з дзецьмі рыхтаваліся да праверачных і якія сёння хвалююцца не менш. 

Ва ўсіх школах і гімназіях Мінска для выпускнікоў сёння святочныя віншавальныя песні, харэаграфічныя замалёўкі і па добрай традыцыі маленькія званочкі ад тых, хто толькі пачынае навучальны шлях. Першакласнікі заўзята расказваюць пра свае першыя ўражанні ад школы. 

Гэты дзень для кожнага выпускніка - памятны і асаблівы. Дарослыя, прыгожыя, яны на старце новага этапа ў навучанні. І калі гэты званок для іх у школе апошні, для кагосьці ўсё толькі пачынаецца.