У Шчучынскім раёне адрэстаўравалі мемарыял на месцы вёскі, якую спалілі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вёска Зінякі паўтарыла лёс Хатыні. У агні загінулі 419 вяскоўцаў, старыя і дзеці. Працаўнікі аднаго з гродзенскіх прадпрыемстваў узялі шефства над знакавым месцам. Зараз тут плануюць праводзіць патрыятычныя акцыі. Пра тое, як важна памятаць гераічнасць простых вяскоўцаў у Вялікай Айчыннай, - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.
Сёння на мемарыяльным комплексе ў Зіняках сабраліся школьнікі. Гэтыя вершы гучаць у памяць пра тых, хто загінуў у 44-м, але не забыты. У Вялікую Айчынную жыхары вёскі дапамагалі партызанам. Многія былі актыўнымі ўдзельнікамі мясцовага падполля, а дзясяткі мужчын ваявалі ў радах Чырвонай арміі.
Вёска Зінякі Шчучынскага раёна паўтарыла лёс Хатыні. 22 студзеня 44-га года падчас адступу немцы сагналі ўсіх жыхароў у адрыну і падпалілі. Загінулі 419 чалавек. Самаму маленькаму жыхару вёскі на той момант быў усяго адзін дзень.
Усё адбылося раптоўна. Раніцай карнікі акружылі вёску і ўчынілі допыт вяскоўцам - спрабавалі знайсці доказы іх сувязі з партызанамі. Але ні адзін чалавек не выдаў апалчэнцаў. Ад бяссілля ворагі знішчылі ўсіх. Пра тыя страшныя падзеі мясцовы жыхар Уладзімір Хох ведае з аповедаў бацькоў.
Пасля вайны загінуўшых вяскоўцаў перапахавалі ў братэрскай магіле. У 80-х тут узвялі мемарыяльны комплекс, але з часам ён заняпаў. Сёлета працаўнікі гродзенскай будаўнічай арганізацыі вырашылі правесці маштабную рэканструкцыю знакавага месца.
Вольга Рывоненка, намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта ААТ "Гроднажылбуд": "Памянялі ўсе дарожкі, паклалі новую плітку, зрабілі плітку на месцы перапахавання. Паздымалі ўсе таблічкі, пачысцілі літары. Усё было ачышчана, пафарбавана, патынкавана, прыведзена ў належны выгляд. І ўжо да пачатку мая работы былі ў асноўным скончаныя".
Прафсаюзныя актывісты прадпрыемства ўзялі шефства над абноўленым мемарыяльным комплексам. Да іх далучыліся і вучні мясцовай школы.
Многае тут ужо зроблена. Добраўпарадкавалі тэрыторыю мемарыяльнага комплексу, высадзілі кветкі і дрэвы. Зараз тут плануецца праводзіць патрыятычныя акцыі, каб захаваць памяць пра загінуўшых, але нескароных мясцовых жыхароў.
У Шчучынскім раёне адрэстаўравалі мемарыял на месцы вёскі, якую спалілі падчас вайны
13 мая 2019













