У Шчучыне колькасць вакансій перавышае лік беспрацоўных у 14 разоў

6 марта 2019

З даволі нетыповай праблемай сутыкнуліся ў Шчучыне. Там колькасць вакансій перавышае лік беспрацоўных у 14 разоў. Прывабны інвестыцыйны клімат у райцэнтры дазволіў стварыць за апошнія гады дзясяткі новых прадпрыемстваў. Як вынік - у рэгіёне з'явіліся сотні новых працоўных месцаў. Закрыць іх уласнымі сіламі не атрымліваецца. Таму практыка падвозу людзей з суседніх раёнаў і нават з абласнога цэнтра ўжо стала нормай для невялікага гарадка. Аб сітуацыі на рынку - рэпартаж Юрыя Карняловіча.

Прапрацаваўшы некалькі гадоў на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў, малады тэхнолаг Ганна Зубель вырашыла рабіць кар'еру. Атрымала вышэйшую адукацыю і стала падшукваць новае месца працы. Аднак у абласным цэнтры прыдатных вакансій не знайшлося. Прапанова паступіла са Шчучына. Перспектывы развіцця, годная заработная плата. Праўда, вось адлегласць да новага месца працы спачатку бянтэжыла - 70 кіламетраў ад дома.

Шукаць спецыялістаў за межамі раёна сёння вымушаныя амаль усе буйныя прадпрыемствы Шчучына. Прывабны інвестыцыйны клімат дазволіў адкрыць у райцэнтры дзясяткі новых вытворчасцяў. Не хапае кадраў. На прыватным прадпрыемстве па вырошчванні клубніц, да прыкладу, на сезонныя працы неабходна да 400 чалавек.

Новыя працоўныя месцы ў Шчучыне растуць, як грыбы пасля дажджу. Дарэчы, грыбны завод, які адчыніўся ў канцы мінулага года, даў адразу паўтары сотні працоўных месцаў. Людзей, прызнаюцца, набралі з цжкасцю. Падвозяць нават з суседняга Мастоўскага раёна.

Шчучынскае прадпрыемства па вырошчванні грыбоў плануе падвоіць вытворчасць. Вядуцца працы па стварэнні аналагічнага цэха, а гэта значыць, што ўжо ў верасні з'явіцца яшчэ парадку 100 новых вакансій.

Выйсце адно, гавораць спецыялісты, - прыцягваць "працоўных мігрантаў" з усёй Гродзенскай вобласці. Тут ужо пачалі прапрацоўваць адпаведныя маршруты.

У мясцовай службе занятасці адзначаюць: попыт на працаўнікоў у раёне каласальны. На ўліку знаходзяцца ўсяго каля 50 чалавек, але і на іх ужо дайшлі заяўкі з прадпрыемстваў.

Выправіць сітуацыю, упэўненыя ў раёне, дапаможа масавае будаўніцтва жылля. Задача - не проста прывезці працаўніка з іншага рэгіёна, а прапанаваць умовы, каб ён застаўся тут жыць. Сёння разглядаюцца розныя варыянты і механізмы ўвасаблення гэтай ідэі. У тым ліку і з прыцягненнем сродкаў саміх працадаўцаў.