Забяспечанасць іншагародніх студэнтаў месцамі ў інтэрнатах сталічных ВНУ сёлета складзе прыкладна 70 працэнтаў. Астатнім прыйдзецца шукаць варыянты на рынку арэнднай нерухомасці. Звычайна ў верасні спецыялісты фіксуюць значны рост цэнаў на пакоі і кватэры.
Ці варта чакаць студэнцкага буму сёлета і што будзе з цэнамі на кватэры ў найбліжэйшы час, высвятляла Антаніна Станкевіч. Студэнты БДУІР, сябры Дзмітрый і Дзмітрый, у свой час атрымалі шмат праблем з пошукам часовага жылля. Даводзілася часам выконваць і строгія ўмовы гаспадароў: прыходзіць не пазней за 10 гадзін, не ўключаць святло і сяброў не прыводзіць. Але галоўны недахоп арэнднага пакоя ўсё ж такі кошт. Не ўсялякаму студэнту па кішэні кожны месяц аддаваць больш за мільён рублёў.
Інтэрнат змаглі атрымаць дзякуючы сваёй актыўнасці. Ніводны студэнцкі канцэрт, конкурс не праходзіць без іх удзелу. Да таго ж падпрацоўваць на ўніверсітэцкім тэлеканале. Актыўны удзел у студэнцкім жыцці, дарэчы, - адна з магчымасцяў атрымаць часовае ўтульнае жыллё за зусім невялікія грошы.
Прыкладна 70 працэнтаў іншагародніх студэнтаў сёлета будуць забяспечаныя жыллём. За апошнія гады на праспекце Дзяржынскага вырасла цэлая студэнцкая вёска, а таму напружанасць крыху знізілася.
Тым, каму не пашчасціць атрымаць пакой у інтэрнаце, прыйдзецца шукаць іншы варыянт. Праўда, рыелтары супакойваюць. Чакаць студэнцкага буму і ўзлёту цэнаў сёлета не варта па некалькіх прычынах.
Што тычыцца цэнаў на кватэры, то зараз сярэднюю аднапакаёўку можна зняць за 3 мільёны рублёў. Тры з паловай папросяць за стандартную двушку, а вось трохпакаёвыя кватэры стартуюць з 4 мільёнаў. Усё залежыць ад рамонту, наяўнасці бытавой тэхнікі і аддаленасці ад метро.













