У Рагачоўскім раёне перапахавалі астанкі 52 салдат

15 июня 2013
Яны знойдзеныя падчас міжнароднай вахты памяці. Удалося ўсталяваць імёны толькі пяцярых байцоў. У кожным выпадку дапамог лісток - укладыш салдацкага медальёна. Загінуўшых адпявалі па праваслаўным звычаі і праводзілі з воінскімі ўшанаваннямі.

Расказвае Віталь Краснабаеў: Салдат, загінуўшых у 1941 годзе, хавалі ў вёсцы Заполле Рагачоўскага раёна. Брацкая магіла на мясцовых могілках ужо захоўвае памяць аб трох сотнях байцоў. Яны загінулі ў самым пачатку вайны, ваюючы ў легендарным корпусе генерала Пятроўскага.

На гэтых палях астанкі салдат Вялікай Айчыннай знаходзяць кожны год. Але вось апазнаць іх удаецца не заўсёды. Бо зрабіць гэта можна толькі па імянных салдацкіх медальёнах.
З 52 знойдзеных салдат удалося ўсталяваць імёны толькі 5. У кожным выпадку дапамагаў вось такі лісток - укладыш салдацкага медальёна. У ім прозвішча, імя, імя па бацьку, месца нараджэнне і адрас сям'і. Але не кожны баец запаўняў свой лісток. На фронце лічылася дрэннай прыметай насіць звесткі пра сябе на грудзі, гэта і стала галоўнай праблемай пошукавікаў.

Звесткі з архіваў, ваенныя карты, але галоўнае - сведчанні мясцовых жыхароў. Менавіта яны дапамагаюць пошукавікам вяртаць імёны загінуўшым. У гэтых месцах, дзе фронт стаяў па паўгода, кожны трохі краязнаўца.

Колькі салдат загінула ў гэтых месцах - невядома. Але кожны год сюды прыходзіць міжнародная вахта памяці. Пошукавікі Беларусі і Расіі разам дапісваюць гісторыю вайны. І няхай у многіх знойдзеных няма імёнаў, званняў, але кожны ў гэтай магіле герой. Праз 70 гадоў пасля іх смерці ўжо нашчадкі аддаюць даніну памяці.