У Рагачоўскім раёне на мясцовым полі выявілі цэлы арсенал боепрыпасаў

13 июня 2013

Прычым поле аралі кожны год, нават не здагадваючыся, які страшны ўраджай яно захоўвае.


З падрабязнасцямі з месца падзей - Віталь Краснабаеў. У Рагачоўскім раёне зноў гучала рэха вайны. Сёння тут, на звычайным кукурузным полі, выявілі вялізны склад боепрыпасаў. Старажылы дагэтуль памятаюць, што падчас вайны ў гэтым раёне ішлі кровапралітныя баі. Але лінія фронту праходзіла на поўдзень ад вёскі. На палях дзясяткі гадоў апрацоўвалася глеба, збіралі ўраджай. Аднак калі верыць мінашукальніку - гэтае поле проста ўсеяна металам.


Рэактыўны снарад ад Кацюшы, міны, фаўстпатрон, паўсотні 105-міліметровых артснарадаў і ўзрыўчаткі да іх. Увогуле больш як 80 боепрыпасаў. Узрыўчаткі тут на 130 кілаграмаў. Хутчэй за ўсё ў гэтым месцы была пазіцыя нямецкай дальнабойнай артылерыі. Праўда, адразу вызначыць, чые снарады, - цяжка. Маркіроўку раз'ела ржа. Абясшкодзіць боепрыпасы на месцы было немагчыма. У зоне паражэння дзве жылыя вёскі. Каб падарваць снарады, група сапёраў вывезла іх на спецыяльны палігон. На гэтым работа сапёраў не скончылася. На полі яшчэ будуць праводзіць даразведку, каб напэўна засцерагчы мясцовых жыхароў.