У Рагачове рэкі, якія выйшлі з берагоў, падтапілі каля трох дзясяткаў падворкаў

3 апреля 2017

Без вялікай вады, але з сезоннымі падтапленнямі. У Рагачове Днепр і Друць, якія выйшлі з берагоў, падтапілі каля трох дзясяткаў падворкаў. Хоць для мясцовых жыхароў, паводле іх жа слоў, гэта хутчэй плюс. Вясна ў Беларусі адзначана не толькі разводдзем, але і тэмпературнымі рэкордамі. У шматлікіх раёнах перавышаны абсалютны максімум. Якія яшчэ сюрпрызы рыхтуе надвор'е - высвятлялі нашы карэспандэнты.

Жыхары Рагачова распавядаюць, калі рака Друць паводзіць сябе як гаспадыня, перш за ўсё яна з'яўляецца ў агародзе. Вялікая вада тут не рэдкасць. Таму і лодкі, і гумовыя боты ва ўсіх напагатове. Хоць, прызнаюцца мясцовыя жыхары, плюс ад такога суседства таксама ёсць.

Сёння ў Рагачоўскім раёне падтоплены прыкладна тры дзясяткі падворкаў. Людзі, якія жывуць у прыбярэжнай зоне, маніторыць узровень вады ўжо даўно навучыліся - некалькі дзён ён нязменны.

Такое суседства мясцовых жыхароў не засмучае, а хутчэй радуе. Вясной падчас разводдзя рыбалка ў іх прама ва ўласным агародзе. Але, галоўнае, гавораць, каб вада не трапіла ў дом.

Робяць замеры і ратавальнікі. Узровень, пры якім вада выходзіць на пойму, прыкладна 270 сантыметраў. Зараз ён ужо 303. Гэта яшчэ не паводка, гавораць спецыялісты. Але ўсе гатовыя да любога развіцця падзей.

Пачатак красавіка - як сярэдзіна мая. Надвор'е сёлета прынесла нямала сюрпрызаў. У Брэсцкай вобласці, напрыклад, пабіты тэмпературны рэкорд - слупок тэрмометра падняўся практычна да плюс 24 градусаў. Так цёпла 2 красавіка было толькі ў 1990 годзе.

Дарэчы, новыя тэмпературныя рэкорды ў гэты дзень усталяваны ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцы. Дзякуючы ранняму сонцу ставяць рэкорды і аграрыі. У Гомельскім рэгіёне ўжо завяршылі сяўбу ранняй ярыны.

Сіноптыкі адзначаюць, цяплу і сонцу на гэтым тыдні засталося радавацца нядоўга. Ужо заўтра тэрыторыя Беларусі апынецца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску, да выхадных пройдуць дажджы, а ў асобных раёнах нават навальніцы.