Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Дзень авіяцыі і касманаўтыкі. 56 гадоў таму Юрый Гагарын сказаў сваё знакамітае “паехалі” і пераадолеў зямную гравітацыю. Адпраўлялі першага чалавека ў космас і прымалі ўдзел у яго асваенні таксама і беларусы. Так, ураджэнец Слуцка Сямён Косберг зрабіў трэцюю ступень ракетаносьбіта, якая была неабходная для запуску чалавека ў касмічную прастору. Яго зямляк Канстанцін Давідоўскі кіраваў стартам першага ў свеце планетахода. Сёння ў роднай школе штурмана Давідоўскага адкрылі мемарыяльную дошку.
Увогуле, Слуцк лічыцца касмічнай сталіцай Беларусі. Больш за 30 ураджэнцаў гэтай зямлі ўнеслі значны ўклад у развіццё касмічнай галіны і нават астраноміі. З дасягненнямі славутых землякоў знаёміць выстава “У зорныя далі”. Дарэчы, зараз абмяркоўваецца пытанне па стварэнні музея касманаўтыкі ў Слуцку.













