У рытме свята сёння жыве і Віцебск

23 июня 2018

Горад адзначае 1044-ы дзень нараджэння. Самыя цяжкія выпрабаванні прыпалі на Вялікую Айчынную вайну. Горад адраджалі з попелу. Віцебск літаральна быў разбураны больш чым на 90%. Зараз гэта сучасны і камфортны для жыцця горад. Увесь дзень сёння тут праходзілі святочныя гулянні, перформансы, вернісажы, танцавальныя майстар-класы, літаратурныя гасцёўні. Аб свяце горада, які заўсёды ў авангардзе, - Марына Раманоўская.

1044-ы дзень нараджэння Віцебска жыхары і госці горада сустракаюць пад парасонамі. Але нават пахмурнае надвор'е не змагло азмрочыць свята. Свой дзень нараджэння Віцебск адзначае адразу на некалькіх пляцоўках. Сярод іх і Летні амфітэатр - сёння тут ушаноўвалі лаўрэатаў ганаровага звання "Віцябчанін года".

Жывая музыка раздаецца па ўсім горадзе. І нават аўтобусны прыпынак сёння - імправізаваны танцпляц. У святочным рытме Віцебск жыве ўвесь дзень. Свята горада - выдатная магчымасць правесці выхадныя з карысцю. Вывучыўшы, да прыкладу, мадэлі рэтра-аўтамабіляў. На галоўнай плошчы Віцебска экспазыцыя аб'яднала некалькі дзясяткаў эксклюзіўных машын.

Захавалі Віцебск ва ўсіх фарбах сёння і мастакі-пачаткоўцы. У гістарычнай частцы горада ажылі гістарычныя персанажы. За ўзнёслы настрой гасцей адказвалі ў тым ліку і вулічныя артысты. Улюбёнцам публікі больш як сто гадоў таму быў Фёдар Махноў. Вылучаўся звычайны селянін з-пад Віцебска незвычайным ростам - два метры 85 сантыметраў. Сёння ў гонар віцебскага "гулівера" адкрылі помнік. Скульптура - не сумняваюцца госці горада - стане чарговай славутасцю.

На ажурным балконе віцебскай ратушы ў беласнежнай сукенцы іграе скрыпачка. Музычны перформанс у абласным цэнтры стартаваў нядаўна, але ўжо спадабаўся знаўцам мастацтва. Сёння аншлаг. Арт-праект, як і вядомая карціна Марка Шагала, завецца "Над горадам".

У Музеі гісторыі Віцебскага народнага вучылішча, якое заснаваў сам Марк Шагал, госці свята сталі сведкамі гашэння паштовай маркі. На ёй намаляваныя самыя вядомыя аб'екты горада на Заходняй Дзвіне, які ганарыцца сваёй гісторыяй і выбітнымі асобамі.

Самыя цяжкія гады Віцебск перажыў у Вялікую Айчынную вайну. Горад быў практычна цалкам разбураны. Эпізод бою за вызваленне Віцебска сёння ўзнавілі ў гістарычнай рэканструкцыі. А да месца кары мірных жыхароў леглі жывыя кветкі.

Дзень нараджэння Віцебск святкуе два дні. Заўтра горад будзе аддадзены маладым і крэатыўным. На плошчы Перамогі пройдзе танцавальны конкурс, фэст гумару, будуць працаваць адразу некалькі пляцовак. Сярод якіх і пляцоўка сілавога экстрыму. Чакаецца, што тут уся ўвага будзе прыкаваная да спробы працягнуць сямітонную машыну на адлегласць у 15 метраў.