У Рэспубліканскім цэнтры крыві нарыхтоўваюць плазму тых, хто паправіўся ад COVID-19

17 апреля 2020
Донарамі пакуль сталі 4 чалавекі. Здаць кампанент крыві могуць людзі ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якія паправіліся. Прычым, ад моманту выздараўлення павінна прайсці не менш як 15 сутак. Імунная плазма, перш чым трапіць да рэцыпіента, праходзіць апраменьванне на спецыяльным апараце, затым фільтрацыю. Дозы плазмы ад аднаго донара - гэта прыкладна 600 мілілітраў - хапае на паўцыкла лячэння заражанага. 

Фёдар Карпенка, дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій: "Мы бачылі, што ў пацыентаў, якія паправіліся, ужо ёсць імунаглабуліны М і G, і мы разлічваем, што гэта будзе эфектыўна і дапаможа ў рэанімацыях, дапаможа ўрачам, якія працуюць сёння з цяжкімі пацыентамі".

Такі метад лячэння выкарыстоўвалі і нашы кітайскія калегі. Медыкі адзначаюць, што аб яго эфектыўнасці можна гаварыць на другі-трэці дзень ад пачатку выкарыстання плазмы. Дарэчы, у найбліжэйшы час яшчэ 4 чалавекі, якія паправіліся пасля COVID-19, у Віцебскім рэгіёне папоўняць базу донараў імуннай плазмы.