У розных кутках Беларусі адсвяткавалі Дзень абароны дзяцей

1 июня 2016

Клопат пра самых маленькіх грамадзян. Менавіта з гэтай мэтай свет кожны год адзначае Дзень абароны дзяцей. Наша краіна не выключэнне. У Беларусі ахова дзяцінства ў літаральным сэнсе справа ўсенародная - гэта адзін з прыярытэтных кірункаў палітыкі дзяржавы. Па традыцыі гэты дзень праходзіць са святочнымі акцыямі і мерапрыемствамі. Галоўнае - увага да кожнага дзіцяці. У свята дзяцінства акунулася і Вольга Маслоўская.

Сёння ў сям'і Юліі і Уладзіміра Сапрыкіных падвойнае свята: Дзень абароны дзяцей і ўваходзіны. Яны пераязджаюць у новы ўтульны дом. Дом, які пабудавалі спецыяльна для іх. У двары шмат гасцей, бо гэта падзея для цэлага раёна. 5 маленькіх жыхароў Гарадка здабылі сям'ю і, адчуўшы шчыры клопат, зноўку вучацца давяраць дарослым.

5 пакояў, прасторная веранда, за акном - футбольнае поле, сад і кветнікі. Катэдж для навасельцаў пабудаваны за кошт бюджэтных сродкаў, дапамагалі спонсары і сябры.

Гэтую вуліцу на ўездзе ў Гарадок завуць вуліцай шчасця. Першы дом для вялікай сям'і пабудавалі 5 гадоў таму. Тут выхоўваюць 10 дзяцей. Зараз у іх з'явіліся шумныя суседзі.

Дзень дзяцінства ў Беларусі напоўнены добрымі падзеямі. Дабрачынны марафон арганізаваў тэлеканал "Беларусь 4. Брэст". У прамым эфіры творчая група тэлерадыёкампаніі здзяйсняла дзіцячыя мары. Школьнікі, якія жадалі апынуцца па іншы бок экрана, сталі сувядучымі праграм і дыктарамі навін.

Аўтары 12-гадзіннага тэлемарафону арганізавалі збор сродкаў і падарункаў для дзяцей Кобрынскага дзіцячага дома. Падарункаў там чакаюць 40 малышоў.

А вось маленькія жыхары Гомеля сёння змаглі ўбачыць родны горад з 30-метровай вышыні і прымерыць спецадзенне пажарнікаў. Свята ў гонар будучых ратавальнікаў арганізавалі супрацоўнікі МНС. У Дзень абароны дзяцей яны яшчэ раз нагадалі пра бяспеку.

У творчую майстэрню, дзе мастакам, дызайнерам і паэтам не больш за 15, ператварыўся сёння сталічны парк імя Горкага. Першы дзень лета тут пачаўся з "Фарбаў дзяцінства". Удзельнікі фэсту стваралі шэдэўры на асфальце, малявалі пяском, будавалі замкі.

Паверыць у цуд і ў свае бязмежныя магчымасці асаблівым дзецям, малышам са шматдзетных сем'яў, выхаванцам інтэрнатаў дапамаглі артысты Белдзяржцырка. Юных гледачоў яны запрасілі на дабрачыннае выступленне "Я працую чараўніком". У праграме - паветраныя гімнасты, жанглёры, ілюзіяністы і інтэрактыўныя гульні. У розных кутках Беларусі сёння дарослыя пастараліся зрабіць так, каб першы дзень лета - Дзень абароны дзяцей - стаў для самых маленькіх жыхароў краіны менавіта такім, якім і павінна быць сапраўднае дзяцінства.