У Раўбічах прайшлі першыя выпрабаванні зімовай тэхнікі МТЗ

7 декабря 2018

Першыя зімовыя выпрабаванні сёння прайшлі адразу чатыры мадэлі МТЗ. Спецыяльная зімовая тэхніка для ўшчыльнення снегу на лыжных трасах і залівання лёду на адкрытых катках была створана па даручэнні Прэзідэнта. Пытанне аснашчэння спартыўных школ і алімпійскіх цэнтраў неабходным абсталяваннем айчыннай вытворчасці - на асабістым кантролі Кіраўніка дзяржавы. Па выніках зімовай Алімпіяды ў Пхёнчхане Аляксандр Лукашэнка даў дакладныя даручэнні: забяспечыць буйныя базы па падрыхтоўцы атлетаў неабходнай тэхнікай, зробленай сваімі сіламі, на сваіх прадпрыемствах. І вось сёння, амаль праз восем месяцаў, Мінскі трактарны завод прадэманстраваў журналістам адразу чатыры дапрацаваныя мадэлі. Над чым яшчэ трэба папрацаваць канструктарам? На першых снежных выпрабаваннях пабывала Надзея Сербіненка.

Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Раўбічы" сёння трансфармаваўся ў выпрабавальны палігон. Тут у сапраўдных палявых умовах тэстуюць новую лінейку зімовай тэхнікі МТЗ. Гэта ратракі і лёдазалівачныя машыны. На жаль, сапраўднага снегу зараз выпала нямнога, але на дапамогу прыходзяць снежныя гарматы.

 

Умовы, максімальна набліжаныя да спаборніцкіх, дапамаглі стварыць два магутныя снегамёты. Як толькі таўшчыня снежнага покрыва была дастатковай, на біятлонны стадыён у Раўбічах адразу выйшлі чатыры дапрацаваныя мадэлі МТЗ у чырвоным, фірменным колеры завода. З іх тры, утрамбоўваючы і разраўноўваючы снег, робяць трасу для лыжных гонак. Яшчэ адна залівае лёд на адкрытым катку.

 

Тры мадэлі і тры розных прызначэнні. Вось гэтая на гусенічным шасі самая магутная і самая дарагая, мае высокую праходнасць і можа паднімацца па схіле пад вуглом да 45 градусаў. Гэтыя дзве зробленыя на базе серыйных трактароў і абсталяваны адвалам, снежнай фрэзай і лыжнепракладчыкамі. Яны таннейшыя, прызначаныя для спаборніцтваў раённага і гарадскога маштабу. Пасля завяршэння зімовага сезона могуць трансфармавацца ў звычайны трактар.

 

Усе мадэлі былі спраектаваныя на МТЗ перш за ўсё для замяшчэння імпартных аналагаў. Пакуль на ўсіх зімовых спартыўных аб'ектах краіны выкарыстоўваюць ратракі нямецкай, канадскай, італьянскай вытворчасці. Пры зборцы прадэманстраваных беларускіх машын былі выкарыстаны некаторыя імпартныя дэталі. Іх колькасць трэба мінімізаваць.

 

Спартыўныя перамогі дарагога каштуюць, таму са свайго боку дзяржава будзе рабіць усё, каб спорт развіваўся. Размаўляючы з удзельнікамі зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане гэтай вясной, Аляксандр Лукашэнка дакладна даў зразумець - развіццю неабходнай для атлетаў базы будуць усяляк спрыяць. Асаблівая ўвага дзіцячаму спорту, бо з маленькіх атлетаў вырастаюць вялікія чэмпіёны. Даручэнне Прэзідэнта гучала канкрэтна: наладзіць вытворчасць неабходнага інвентара - ад лыжаролераў і лыжных чаравік да спецыяльных машын для залівання лёду і ратракаў. Гэтая тэма на асаблівым кантролі ўрада.

 

Сказана - зроблена. Спецыяльную зімовую тэхніку глядзелі ўжо гэтай восенню. Задача аказалася пасільнай для беларускіх канструктараў. У будучым годзе гэтая тэхніка павінна быць выключна беларускай.

 

На МТЗ абяцаюць стварыць новы ратрак з максімальным выкарыстаннем сваіх дэталяў да пачатку наступнага зімовага сезона. У Мінспорта падлічылі, што толькі для патрэб айчыннага зімовага спорту неабходна каля 130 адзінак спецтэхнікі. Перспектыўны і рынак ЕАЭС. А па цане беларускія машыны будуць таннейшымі за еўрапейскія і амерыканскія. Далей справа за правільным маркетынгам.