У Ратіцкай школе амаль праз паўтара месяца зноў пачнуцца заняткі

25 марта 2016

Ужо ў панядзелак тут адчыняцца дзверы амаль для 200 вучняў. Аб гэтым сёння афіцыйна аб'явілі на вялікім бацькоўскім сходзе, які арганізавалі прадстаўнікі адміністрацыі раёна сумесна са следчымі і медыкамі. На сустрэчы таксама агучылі асноўную версію здарэння. Па меркаванні кіраўнікоў Следчага камітэта, прычынай атручэння больш як 40 школьнікаў стаў угарны газ з мясцовай кацельні.

Андрэй Яўлаш, начальнік следчага ўпраўлення УСК па Гродзенскай вобласці: "Гэта неардынарная, адзінкавая, звязаная з прыроднымі, пагоднымі ўмовамі сітуацыя. Асядаў туман, ішоў снег. Было рэзкае пахаладанне, і вецер быў практычна роўны штылю. Гэта значыць, фактычна ўсе прадукты гарэння, якія выходзілі з кацельні, вобразна гаворачы, клаліся над школай і асядалі дзесьці ў студні".

Нп думку экспертаў, менавіта з гэтай паветранай студні ўгарны газ трапіў у школу. Каб праветрыць памяшканне, выкладчыкі адкрылі акно, і ўся небяспечная завісь асела ў калідоры, дзе ішла лінейка. Нагадаем, 11 лютага 42 вучні былі дастаўленыя ў бальніцу з дыягназам "атручэнне невядомым рэчывам". Ужо на наступны дзень практычна ўсе дзеці былі выпісаныя. Як падкрэслілі спецыялісты, усе сімптомы, з якімі паступілі школьнікі, не адносіліся да харчовага атручэння. Экспертам яшчэ трэба будзе разабрацца з кацельняй.