У рамках Дня моладзі ў Віцебску праходзіць фестываль моладзевых субкультур і здаровага ладу жыцця

13 июля 2019

Віцебск у прадчуванні першага дня музычнага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Нашу краіну прадстаўляе Іван Зданюк. На галоўнай сцэне фестывалю, у Летнім амфітэатры, прагучаць славянскія хіты. Увесь дзень насычаны крэатыўнымі праектамі. Сёння на "Славянскім базары" Дзень моладзі.

Марына Раманоўская знаходзіцца ў цэнтры святочнай пляцоўкі. 

Вельмі хочацца перадаць фестывальны настрой. Сёння самыя маляўнічыя мерапрыемствы праходзяць на плошчы Перамогі. Тут сабраліся аматары ранішняй прабежкі. Дыстанцыю  2 кіламетры 200 метраў пераадолелі больш  як сто маладых людзей.

Перад стартам  абавязковая размінка. Маршрут праходзіць па цэнтральнай частцы горада. Па выніках кожны ўдзельнік забегу атрымаў медаль, а пераможцы яшчэ і каштоўныя падарункі. Галоўны прыз - веласіпед.

Зараду энергіі ўдзельнікам хопіць на ўвесь дзень. Адразу пасля забегу на "Славянскім базары" стартаваў фестываль моладзевых субкультур і здаровага ладу жыцця. Варкаўт-турнір, Адкрытае першынство вобласці па баскетболе, спаборніцтвы па скейтбордынгу. Моладзь з розных рэгіёнаў краіны праводзіць выхадны дзень у Віцебску з карысцю.

Людзей розных пакаленняў на плошчы Перамогі аб'яднала акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага". Да мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў усклалі кветкі.

Упершыню ў праграме Дня моладзі на "Славянскім базары"  моладзевы інтэлектуальны open air "Кветкі Вялікай Перамогі". Ён прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У інтэлектуальных баталіях удзельнічаюць моладзевыя каманды з усёй Беларусі.

Гасцей  запрашаюць і на музычны фестываль "Саюз моладзі". Ён праходзіць на пляцоўцы ля канцэртнай залы "Віцебск". У шматгадзінным песенным марафоне выступленне кавер-бэндаў і музычных шоу-гуртоў.