У рамках акцыі "Прафсаюзы дзецям" дзеці пабывалі ў Мінску на навагоднім ранішніку

29 декабря 2018

Па ўсёй краіне працягваецца акцыя "Нашы дзеці". Прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў наведваюць дзіцячыя дамы і шматдзетныя сем'і, дораць падарункі. Так, Федэрацыя прафсаюзаў падтрымала незвычайную сям'ю з Воранава, у якой самым галоўным чалавекам для чацвярых дзяцей стаў старэйшы брат, аформіўшы над імі апякунства. У рамках акцыі "Прафсаюзы дзецям" дзеткі пабывалі ў Мінску на навагоднім ранішніку, дзе Дзед Мароз выканаў іх самыя запаветныя жаданні. У тым, што цуды бываюць, упэўніўся Юрый Карняловіч.

Сям'ю Ганчаровых з гарадскога пасёлка Воранава звычайнай не назавеш. Так атрымалася, што для чацвярых хлопчыкаў і дзяўчат самым галоўным чалавекам у іх жыцці стаў старэйшы брат Яўген. Калі маці і бацьку пазбавілі бацькоўскіх праў, ён разам са сваёй маладой жонкай стаў апекуном для сваіх братоў і сясцёр. На той момант хлопцу быў усяго 21 год.

Жонка Ядвіга без роздумаў падтрымала мужа. І сёння ў сям'і Ганчаровых на выхаванні пяцёра дзяцей. Год таму ў пары нарадзілася агульнае дзіця - дачка Ева. Калі гісторыю незвычайнай сям'і даведаліся ў Федэрацыі прафсаюзаў, было прынята рашэнне - аказаць дзецям разнастайную падтрымку. І напярэдадні навагодніх святаў у Воранава адправіліся першыя падарункі.

Але на гэтым падарункі не скончыліся. Са святочным настроем сям'я Ганчаровых прыехала ў сталіцу на казачны навагодні паказ ў Палац культуры прафсаюзаў. Пазней апынецца, гэты дзень для дзяцей і сапраўды стане чароўным, запомніцца на доўгія гады.

Добры чараўнік выканаў усе самыя запаветныя дзіцячыя мары. Навагодняя пошта не падвяла: плюшавы мішка - самай маленькай Еве, робат - для Кірыла, хамячок - для Дашы, новенькі веласіпед - для галоўнага спартсмена ў сям'і - 13-гадовага Віктара, ну а старэйшай Вікторыі - набор касметыкі.

Вялікае дабрачыннае свята Федэрацыя прафсаюзаў устроіла для паўтысячы дзяцей - са шматдзетных сямей, выхаванцаў прытулкаў і дамоў сямейнага тыпу.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Для таго, каб быць шчаслівым, шмат не трэба, трэба проста быць уважлівымі і добрымі адно да аднаго. У кожнага чалавека ёсць добры пачатак, і ў кожнага чалавека ёсць патрэбнасць дарыць дабро. Гэта вельмі важна, калі ў грамадстве гэтыя паняцці ёсць. У нас, у беларусаў, у крыві гэтыя разуменні, калі мы побач, калі камусьці цяжка, абавязкова прыходзім разам і абавязкова салідарна дапамагаем".

Навагоднія паказы - толькі частка вялікай дабрачыннай акцыі "Прафсаюзы дзецям". Паводле традыцыі напярэдадні Новага года і Каляд па ўсёй краіне праходзяць святы з сюрпрызамі для дзяцей, каб гэтымі днямі "Нашы дзеці" не пераставалі марыць і верыць у цуды.