У пятніцу ў Мінску адкрыюцца ёлачныя базары

19 декабря 2017

Да Новага года засталося 12 дзён. Святочны настрой ствараюць і яркая ілюмінацыя на вуліцах гарадоў, і ўпрыгожванні, і, вядома, спецыяльна ўсталяваныя вялікія ёлкі на цэнтральных плошчах і ў мікрараёнах. Упрыгожыць сваю асабістую навагоднюю прыгажуню жыхары сталіцы змогуць ужо ў гэтую пятніцу. У Мінску адкрыюцца ёлачныя базары. Цэны абяцаюць прымальныя. Чым гатовыя здзіўляць пакупнікоў? І чаму самому лепш не вывозіць "Из лесу елочку домой"? Цэны, рэкамендацыі і перасцярогі - у матэрыяле Вольгі Халадовіч.

Яны гатовы прайсці не адзін кіламетр. Леснікі ведаюць, лепшыя навагоднія прыгажуні - у самым гушчары лесу. У Гомельскім лясгасе ўжо нарыхтавалі паўтары тысячы елак і хвой. Самыя папулярныя дрэвы - ад метра да двух у вышыню. Ссякаюць дрэвы ў спецыяльна адведзеных месцах.

Тэмпература каля нуля градусаў і снег - ідэальнае надвор'е для нарыхтоўкі елак. У моцныя маразы іх нарыхтоўваць нельга - на марозе ігліца замярзае, становіцца "шкляной" і хутка ападае.

Спецыяльных стандартаў пры выбары елак не існуе. Камусьці да свята падавай дрэва пабольш, хтосьці - прыхільнік невялікіх елак. Таму тут трэба арыентавацца на тры правілы навагодняга лесасека. Ялінка павінна быць роўнай, пышнай і зялёнай.

Сёлета ў Гомельскай вобласці лясгасы нарыхтавалі прыкладна 14 тысяч дрэў. Гэта на тры тысячы больш, чым летась. Усяго ў краіне на ёлачных базарах плануюць рэалізаваць больш за 100 тысяч дрэў.

Самая маленькая навагодняя прыгажуня будзе каштаваць ад 10 да 22 рублёў, Елка вышэй - да 26, а дрэва вышынёй да 3-х метраў - ад 15 да 30 рублёў.

Тыя, хто жадае сэканоміць, могуць набыць галоўны навагодні атрыбут непасрэдна ў саміх лясгасах. Напрыклад, у Гомельскім елкі будуць каштаваць ад 6 да 12 рублёў. А вось ссякаць дрэвы самавольна леснікі не рэкамендуюць. Сума штрафу - больш за набытае дрэва прыкладна ў 100 разоў.

Елкі, хвоі, іглічныя букеты, дрэвы ў кадках - у навагоднім асартыменце - пастараліся ўлічыць інтарэсы ўсіх пакупнікоў. Для навагодніх дрэў у рэгіёне вылучылі 125 гандлёвых пляцовак. Дарэчы, гамяльчане, як паказвае практыка, больш аддаюць перавагу хвоі.

Традыцыі ўпрыгожваць ёлку - ужо больш за 300 гадоў. Устанавіў яе Пётр Першы. Імператар выдаў указ, паводле якога ўпрыгожваць дома іглічныя дрэвы неабходна было да Каляд - 7 студзеня.