У Пскоўскай вобласці Расіі праходзіць конкурс "Дэсантны ўзвод"

8 августа 2018

Эстафета, паласа перашкод і стральба са зброі. У Пскоўскай вобласці Расіі праходзіць конкурс "Дэсантны ўзвод". У меткасці, трываласці і фізічнай падрыхтоўцы спаборнічаюць больш як 400 вайскоўцаў з 10 краін свету. Сёння апошні этап конкурсу - эстафета на баявых машынах. Як далася беларускім дэсантнікам паласа перашкод? І якое месца наша каманда займае ў агульным заліку? Шанцы на перамогу ацаніла Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Згодна з жэрабем, эстафету конкурсу "Дэсантны ўзвод" пачынае каманда Беларусі. З надвор'ем пашанцавала, спякота сышла, трохі ветрана, таму забег на 4 кіламетры са зброяй на перавагу даецца лягчэй, чым сапернікам з Пакістана.

Рустам Юдашаў, памочнік камандуючага ВДВ па фізічнай падрыхтоўцы: "Мы вызначаем перамогу па найлепшым часе. Разам з тым налічаюцца штрафы. За непападанне гранатай, за непераадоленне паласы перашкод. Калі з трэцяй спробы хтосьці не змог, штрафны час павялічваецца на 10 хвілін".

Паласа перашкод - адзін з самых фізічна складаных этапаў конкурсу "Дэсантны ўзвод". На шляху вайскоўцаў больш як 10 перашкод. Гэта бярвенні, лесвіцы, равы, падвалы, штучныя дамы, вокны кватэр. Усё тое, з чым можа сутыкнуцца дэсантнік падчас вядзення бою ў гарадскім асяроддзі.

Наступны этап - стральба з баявой зброі. За кожны промах з аўтамата - 30 штрафных секунд. А за непападанне ў мішэнь з гранатамёта - цэлая хвіліна.

Ігар Залатар, кіраўнік каманды Беларусі ў конкурсе "Дэсантны ўзвод": "Наша сіла ў тым, што мы дэсантнікі. Па стральбе з баявых машын мы на другім месцы пасля Расіі, са зброі - на трэцім".

У конкурсе "Дэсантны ўзвод" сёлета ўдзельнічаюць больш як 400 вайскоўцаў з 10 краін свету. Задача не толькі паказаць меткасць стральбы, дакладнасць прызямлення пры дэсантаванні, добрую фізічную падрыхтоўку, але і ўменне ўсіх падраздзяленняў працаваць у камандзе.

Зараз Беларусь у агульным заліку конкурсу "Дэсантны ўзвод" на трэцім месцы. Сёння ў Пскоўскай вобласці пройдзе апошні этап - эстафета на баявых машынах. Маршрут працягласцю ад 5 да 6 кіламетраў, на якім устаноўлены супрацьтанкавыя равы, водныя перашкоды, мінна-выбуховыя загароды, масты. Вынікі гэтага конкурсу і вызначаць пераможцаў.