У Пружанскім раёне ўпершыню прайшоў чэмпіянат па зборы грыбоў

16 сентября 2014
У Беларусі пачалося галоўнае восеньскае шоу. Верасень падарыў грыбнікам багаты ўраджай. Для адных - гэта прагулкі на паветры, а для другіх - сапраўдны спорт. У Пружанскім раёне ўпершыню прайшоў чэмпіянат па зборы грыбоў.

Колькі важыць самы вялікі трафей, раскажа Вікторыя Патоня.

Лес, сцізорык і кошык. Грыбны чэмпіянат прымаў сваіх першых удзельнікаў недалёка ад Белавежскай пушчы. 12 каманд, па тры чалавекі ў кожнай, і галоўная ўмова спаборніцтваў - за чатыры гадзіны напоўніць як мага больш кошыкаў ядомымі грыбамі.

Святлана Ханавец, старшыня Мокроўскага сельскага савета:

Мы прыехалі ў Крыніцу - грыбную сталіцу. Цэлы дзень адзін аднаго гукалі, з 10 гадзін грыбочкі збіралі. Баравікоў, маслякоў назбіралі.


Ураджай кожнай каманды ацэньвала журы. Увогуле ўдзельнікі чэмпіянату назбіралі амаль 90 кілаграмаў грыбоў. Спецыяльны прыз за самы ўражлівы лясны трафей дастаўся Вользе Пракаповіч. Яе кош упрыгожваў чырвонагаловік вагой 320 грамаў. Але па грыбных мерках, гаворыць уладальніца волата - гэта сціплая здабыча, трапляліся грыбы і большыя.


Вольга Пракаповіч, пераможца чэмпіянату ў намінацыі Самы вялікі грыб: Былі большыя, але не ўзважвалі. У асноўным мне шанцуе на чырвонагаловікі, з баравікамі неяк не вельмі.

Грыбы на чэмпіянаце не толькі ў кошыках, але і на фатаграфіях. Адразу зразумела, у тутэйшых месцах любяць і ўмеюць атрымліваць асалоду ад ціхага палявання.


Канстанцін Панімаш, начальнік аддзела Пружанскага райвыканкама: У нас шмат добрых грыбных месцаў. Больш чым 60% плошчы раёна займаюць лясныя ўгоддзі, і ў нас узнікла жаданне арганізаваць і правесці фестываль, звязаны з прыродай і з лесам.

Тое, што збіраць грыбы лепш у кошыкі, тут ведаюць усе. У вёсцы іх плятуць з лазы. Навучыцца рамяству можна было і на свяце падчас майстар-класа.


Мікалай Мароз, майстар па пляценні кошыкаў: Вось дапусцім, ялінку я не псую, бяру ніжнія галінкі, якія, можна сказаць, аджываюць сваё. Яны добра гнуцца і ўрон не наносіш для прыроды, і добры матэрыял атрымліваецца.

На чэмпіянаце грыбы не толькі збіралі, але і гатавалі з іх стравы. Гаспадыні дэманстравалі сапраўднае кулінарнае майстэрства. А тое, што асабліва спадабалася, можна было і пакаштаваць.