У Пружанскім раёне церпяць бедства гістарычныя помнікі

26 июля 2013
Адна з найбуйнейшых сінагог у Брэсцкай вобласці сур'ёзна руйнуецца, а сядзіба дваранскага роду Трамбіцкіх з новым уласнікам лепш не стала. Усяго ж у рэгіёне больш як 70 каштоўных пабудоў. Чаму не ўсе помнікі атрымліваецца захаваць і якім пашанцавала больш - высветліла Вікторыя Патоня.

Георгій Казловіч размяняў восьмы дзясятак. Гэту сядзібу памятае з дзяцінства, тут працавалі ў памешчыка яго бацькі і шмат іншых мясцовых жыхароў. Сядзібу Трамбіцкія заснавалі напрыканцы 18-га стагоддзя. Побач пабудавалі спіртзавод. Вялікая частка будынкаў захавалася да гэтага часу. За больш чым двухсотгадовую гісторыю маёнтак пабачыў многае. Рабаванні, новых жыхароў і нават вытворчасць.
Наталля Пракаповіч, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы Пружанскі палацык: Захаваць гэты аб'ект неабходна, каб людзі ведалі сваю гісторыю. Тут была ўнікальная калекцыя мэблі, скульптура. Але ў савецкія часы, і нават у больш раннія часы - Першай і Другой сусветнай вайны, на жаль, усё гэта было страчана.
Мясцовыя ўлады спадзяваліся, што прывесці будынкі ў парадак зможа інвестар. І такі з'явіўся два гады таму. Бізнесмен з Расіі выкупіў сядзібу за 200 мільёнаў рублёў. Маёнтак мог бы стаць яшчэ адным пунктам на турыстычнай карце краіны, але новы гаспадар, мабыць, не разлічыў свае фінансавыя магчымасці. Хоць і ўзяў на сябе абавязальніцтва аднавіць маёнтак.
Андрэй Астапчук, прадстаўнік інвестара: Інвестар таксама не мае такой сумы грошай, каб за такія сродкі рабіць гэты будынак. Калі ён набываўся, праект каштаваў, нам сказалі, 140 мільёнаў. Але чаму ён вырас у 10 разоў, наш інвестар гэтага не разумее.
А гэта вялікая ружанская сінагога 18 стагоддзя. Службы тут ішлі да пачатку Вялікай Айчыннай. Сёння жа пад нагамі расце пустазелле, дах у аварыйным стане. Мясцовыя жыхары ператварылі культавае месца ў сметнік.
Руслан Кніга, дырэктар музея Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў: З гэтага невялікага будынка было вывезена летась сіламі дабраахвотніцкага атрада і сіламі нашых супрацоўнікаў музея каля 12 прычэпаў проста бытавога смецця.
Унікальнасць гэтай сінагогі ў тым, што тут вельмі добра захаваўся галоўны алтар культавага будынка. Для сінагог-помнікаў Беларусі гэта вялікая рэдкасць.
Будучыня помніка залежыць ад ініцыятывы многіх людзей. Мясцовыя ўлады спасылаюцца на неабходнасць рэканструяваць аб'екты, так званай першай значнасці. У захаванні сінагогі павінны быць яшчэ зацікаўлены вернікі-яўрэі. Але пакуль ніхто з суполак не прапанаваў сваю дапамогу.