У Пружанскім раёне добраўпарадкаванне адных сельскіх могілак ператварылася ў акт вандалізму

4 мая 2015

Побач са спілаванымі дрэвамі выкарчаванымі аказаліся і старажытныя надмагільныя помнікі. Замест ворных палёў - цэлыя лясныя плантацыі; а там, дзе забаронена высаджваць дрэвы, спецыяльна пасадзілі маладыя хвоі. У што могуць выліцца халатнасць і безгаспадарлівасць, убачыла Вікторыя Патоня.

Гэтаму пахаванню ля вёскі Стараволя больш чым стагоддзе. За час існавання старая частка могілак зарасла хмызняком і дрэвамі. Сельсавет і камунальшчыкі вырашылі навесці парадак. Здавалася б, добрая справа, ды толькі ад выканання дрыжыкі бяруць. Галінкі, пакарабачаныя помнікі… Мясцовы жыхар Уладзімір Козіч на магілы сваякоў прыходзіць кожную вясну. Такую карціну ўжо сапраўды ўбачыць не чакаў.

Прыбраць смецце і ссечаныя дрэвы камунальшчыкі не могуць. Гавораць: калі пачыналі работы, думалі, што ўсё робяць па законе. Аказалася, на высечку дрэў няма афіцыйнага дазволу. Акт вандалізму, няйначай, удалося прыпыніць толькі праз некалькі месяцаў спецыялістам аховы прыроды і супрацоўнікам Камітэта дзяржкантролю.

Алег Шопік, дырэктар Пружанскага КУП "Камунальнік": "Я не магу растлумачыць, чаму яны ездзілі па надмагільных плітах. Было рашэнне сельскага савета навесці парадак на могілках. Пачалі наводзіць. Аказваецца, рашэнне сельсавета несапраўднае, трэба рашэнне выканкама. Спынілі ўсе работы. Я пакуль дазволу не атрымаю, не магу тут навесці парадак".

Васіль Рудзенік, намеснік начальніка ўпраўлення КДК Беларусі: "Вядома, вінавата само першае камунальнае прадпрыемства. І леснікі, якія кожны дзень ходзяць, інспектуюць свой лес і не забілі трывогу, не паказалі, што гэта незаконна. Зараз прадпрыемства будзе вымушанае выплаціць штраф і навесці парадак на гэтых могілках".

Калі ў адным месцы незаконна сякуць дрэвы, то ў другім неабдумана іх высадзілі. На тэрыторыі былога ваеннага сакрэтнага аб'екта сёння растуць хвоі. Але ў такі лес лепш не хадзіць.

На гэтых 2 гектарах зямлі некалькі гадоў таму пасадзілі малады лес. І толькі зараз, згодна з заключэннем экспертаў, аказалася, што рабіць гэта было нельга. Пад нагамі вялізныя сховішчы для паліва. Яшчэ на пачатку двухтысячных яны выкарыстоўваліся і належалі Міністэрству абароны. Да таго ж тут паўсюль адчыненыя люкі, што небяспечна. Іх сотні, глыбіня - 6 метраў.

У складах для гаручага перыядычна з'яўляюцца чорныя капальнікі. Адсюль небяспечныя ямы па ўсім участку. У канцы 2009-га мясцовыя ўлады гэтыя землі аддалі лясгасу для пасадкі дрэў. І ніхто не задумаўся аб наступствах.

Уладзімір Жалнерчык, галоўны ляснічы Пружанскага лясгаса: "Тут адкрытыя люкі. Грыбнікі сем'ямі выязджаюць і дзеці. Можа скончыцца трагедыяй. Гэтыя лясныя культуры трэба спісваць і перадаваць іх назад, у іншае ведамства для аховы гэтага аб'екта".

Зарастаюць лесам і некаторыя сельгасугоддзі. Так, па дакументах на гэтым месцы прадпрыемства "Ружаны-Агра" ворныя землі. А на справе – бур'ян. Побач несанкцыянаваныя сметнікі. Такіх зарослых угоддзяў толькі ў гэтым прадпрыемстве амаль 50 гектараў. А на некаторых палях ужо гадамі шумяць бярозы і елкі.