Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Полацку на мемарыяле "Урочышча Пяскі" правядуць вахту памяці

17 июня 2019

Захаваць у памяці старонкі гісторыі - наш агульны абавязак. Сваімі справамі, аповядамі і беражлівым стаўленнем да мясцін,  дзе пралівалі кроў нашы продкі. Напярэдадані Дня Незалежнасці ў Полацку на мемарыяле "Урочышча Пяскі" правядуць вахту памяці. У гады вайны тут быў транзітны лагер для савецкіх ваеннапалонных ДУЛАГ-125. Паводле некаторых звестак,  тут знаходзяцца астанкі  150 тысяч чалавек. Вольга Маслоўская прадоўжыць. 

Воінскія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай - не проста тэма дысертацыі загадчыка кафедры гістарычнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта Алесі Корсак, гэта боль і  абавязак - успомніць кожнага пайменна. Урочышча Пяскі - месца, дзе прабелаў вельмі шмат. Падчас Другой сусветнай у Пясках размяшчаўся лагер для савецкіх ваеннапалонных,  за тры года тут былі расстраляныя і закатаваныя тысячы чалавек. 

На месцы страшнай трагедыі  ўсім гуртам дзеля міру  будуюць мемарыял. Узвядзенне комплексу пачалося яшчэ ў 2010 годзе, і каб наблізіць адкрыццё, дапамагчы будаўнікам падахвоціліся простыя палачане. Працоўныя калектывы і грамадскія арганізацыі ўзялі шэфства над пахаваннямі. Кожны дзень тут прыбіраюць смецце, высаджваюць кветкі. 

Мемарыял аб'яднае памяць аб дзвюх войнах. Рэч у тым, што ўрочышча Пяскі - месца кровапралітных баёў  першай полацкай бітвы летам 1812 года. Тысячы рускіх салдат, якія супрацьстаялі напалеонаўскай арміі, назаўжды засталіся ў полацкай зямлі. У памяць аб іх усталююць абеліск. 

Нягледзячы на тое што да адкрыцця мемарыял яшчэ не гатовы, у дні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тут пройдзе вахта памяці. Ініцыятыву Полацкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру падтрымалі жыхары горада.

Удзел у мітынгу-рэквіеме прымуць сотні чалавек. У форме салдат Вялікай Перамогі прыйдуць на мемарыял удзельнікі клуба ваеннай рэканструкцыі "Памяці годныя" 14-й полацкай школы. На пасяджэннях клуба з педагогамі вывучаюць гісторыю роднага горада, а рэканструкцыя подзвігу 23 гвардзейцаў пры вызваленні Полацка краная да слёз  і гледачоў, і саміх удзельнікаў. 

Вахта памяці на мемарыяле "Урочышча Пяскі" пройдзе 2 ліпеня. А 11-й гадзіне тут упершыню прагучыць  звон. Як рэха страшнай трагедыі і клятва вечнай памяці.