У Паставах у доме пасялілася ліса

25 октября 2014
Яна выдатна ладзіць з сабакамі і катамі, гуляе на ланцужку, умее выконваць каманды і нават замест будзільніка паднімае гаспадароў на працу.

Як жывецца драпежніку сярод людзей? І чаму жывёліну не цягне ў прыродную стыхію - ведае Аляксандр Харавец.

У гэтым доме гасцей сустракае не вартавы сабака, а ліса. Увайсці можна толькі пасля таго, як звер упэўніцца, што яго тэрыторыі нішто не пагражае. У сям'і Вярцінскіх рыжы ахоўнік жыве ўжо паўгода. У чалавечым жыллі насельнік лесу з'явіўся практычна сляпым. А сёння Ліза - менавіта так завуць лісу - адчувае сябе паўнапраўнай гаспадыняй дома.

Лясны драпежнік выдатна ўжываецца з двума сабакамі і катом Маргошам. Разам жывёліны гуляюць, ядуць і нават спяць. А вось з кошкай Мусяй ліса Ліза паразумення не знайшла. Паводле слоў Вольгі, гэтыя дзве лэдзі, як і сапраўдныя гаспадыні, на адной кухні ўжыцца не могуць. Акрамя гэтага, нават дарослых дзяцей да бацькоў раўнуе.

На думку ветэрынараў, Ліза абсалютна здаровая. Але прышчэпка ад шаленства лішняй не будзе.

Выхаванне звярка ўзяў на сябе тата. Дрэсіроўкай Станіслаў займаўся больш за 2 месяцы, і сёння драпежніка прывучылі да латка, прагулак на ланцужку і водных працэдур. Душ ліса прымае штодня.

Аднак, прытрымліваючыся прыродных інстынктаў, ліса раскопвае вазоны з кветкамі, грызе лінолеум і жартаўліва хапае зубамі катоў за горла. Станіслаў і Вольга першапачаткова думалі адпусціць лісіцу на волю, але Ліза вярнулася. Туды, дзе ўтульна і дзе яе па-сапраўднаму любяць.