У апошнія дні жніўня зацвілі яблыні

29 августа 2016

Паводле народных прыкмет, з прыходам Хлебнага Спасу восень цалкам уваходзіць у свае правы. Але ў прыроды свае планы. І вось таму навочнае пацверджанне: у апошнія дні жніўня зацвілі яблыні.

Незвычайную для жніўня з'яву назіраюць жыхары Браслава. Тут у фруктовым садзе зацвілі яблыні. Суквецці з'явіліся на дрэвах, якія сёлета ўжо далі плады. Цікава, што на адной галінцы нават з'явіліся новыя завязі. У райцэнтры гэтую прыродную анамалію злучаюць з цёплым надвор'ем. Нягледзячы на тое што плоду ад паўторнага цвіцення гаспадары яблыневага саду не чакаюць, прыгожую анамалію палічылі добрай прыкметай. Фатаграфіі квітнеючых яблынь упрыгожылі старонкі мясцовай газеты, а таксама папоўнілі фотаархівы жыхароў паўночнага рэгіёна.

Вядомыя выпадкі, калі ў канцы лета паўторна зацвіталі не толькі яблыні, але і каштаны, рабіна, шыпшыннік. Спецыялісты гавораць, што ніякай містыкі ў гэтым няма. Так дрэвы рэагуюць на рэзкую змену надвор'я.