У маёнтку беларускага Дзеда Мароза ў гэтыя дні тысячы гасцей

29 декабря 2018

У перадсвяточныя дні і час канікул у галоўнага навагодняга персанажа краіны няма часу на адпачынак. У маёнтку беларускага Дзеда Мароза тысячы гасцей. Асноўныя турысты - дзеці,   якія і едуць за сотні кіламетраў, каб убачыць добрага чараўніка.

Аб жаданнях і атмасферы на казачных гектарах - Вікторыя Патоня. За драўлянымі варотамі - казачныя гектары. Як паклікаць гаспадара маёнтка, падкажуць памочнікі зімовага чараўніка. Жыве беларускі Дзед Мароз у самым старым лесе Еўропы, у Белавежскай пушчы. І ў перадсвяточныя дні няма ў яго часу на адпачынак, занадта шмат гасцей.

Сям'я Віткаўскас прыехала з Каўнаса, па бязвізе. Гавораць, такі варыянт вельмі зручны і хуткі. На радзіме ў Літве таксама ёсць зімовы чараўнік - Каледзі Сеняліс. Праўда, уласнай рэзідэнцыі ў літоўскага калегі няма. Так што сям'я адправілася ў госці ў суседнюю краіну, паглядзець: дзе і як жыве беларускі Дзед Мароз.

З пачатку года толькі па бязвізаваму рэжыму ў Белавежскай пушчы пабывала каля 4 тысяч гасцей. Ад суседняй Польшчы да Канады і ЗША. Усяго ж за 15 гадоў маёнтак прыняў звыш паўтара мільёна турыстаў. Большасць з іх, вядома ж, дзеці. Тут вучаць загадваць жаданні, водзяць карагоды ля ёлкі і ўручаюць падарункі ад зімовага чараўніка. І вяртаюцца, каб акунуцца ў казку яшчэ раз.

У маёнтку можна пакаштаваць сочыва з лясных ягад, духмяную гарбату на травах і сапраўдны мёд. На 15 казачных гектарах месца знайшлося нават пчальніку. Вось гэтыя вулеі-калоды сабраныя з усёй Белавежскай пушчы. Менавіта ў іх 100 гадоў назад і здабывалі мёд.

Вядома, у маёнтак шмат "чароўных месцаў". Незвычайная кампазіцыя нядаўна з'явілася ля навагодняй ёлкі. Адзіны ў свеце знак, прысвечаны самаму цудоўнаму святу - Новаму году. Складаецца ён з атрыбутаў казачнага персанажа, каб кожны змог адчуць сябе крыху чараўніком. Але галоўнае, тут гавораць: паверыць, што мары абавязкова спраўдзяцца.

Маёнтак адкрыты кожны дзень, тут няма выхадных і святаў. А беларускі Дзед Мароз па выніках адыходзячага года, па колькасці наведвальнікаў і папулярнасці займае першае месца ў дзясятку "калегаў" з краін СНД і Грузіі.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя