У маёнтку беларускага Дзеда Мароза стартаваў навагодні сезон

29 ноября 2014
А прадвеснікам свята стала вяртанне ў рэзідэнцыю Снягуркі і Матухны Зімы.
Вікторыя Патоня даведалася, якія сюрпрызы падрыхтаваў чараўнік з пушчы сваім родным і турыстам.
Зімовая казка заўсёды пачынаецца з вяртання Снягуркі. Унучка Дзеда Мароза пакідае Паўночны полюс і спяшаецца на дапамогу - бо падарункаў і жаданняў у пераднавагоднія дні дадаецца. Зімовы картэж захоплена сустракаюць турысты. Асабліва прыезду сваіх родных з нецярпеннем чакаў гаспадар маёнтка. Бо ў яго наступае гарачая пара: калі на вуліцы мінус, у рэзідэнцыі Дзеда Мароза горача.
Летась чараўнік з пушчы пабудаваў асобныя апартаменты для Матухны Зімы. Сёння майстэрня ўпершыню адчыненая для ўсіх ахвочых. Жонка беларускага Дзеда Мароза тут дае ўрокі майстэрства сваім гасцям.
З'явілася ва ўладаннях яшчэ адна алея. Каля казачнай вярсты ў дрэве ўвекавечылі навагодніх персанажаў. Некаторыя з прататыпаў асабіста далі ацэнку разьбярам-скульптурам.
Толькі ў першы зімовы месяц у маёнтку чакаецца каля 50 тысяч турыстаў. І гэта апроч лістоў, лік якіх бліжэй да свята дасягае тысячы кожны дзень. Некаторыя госці пакідаюць для гаспадара чароўных угоддзяў відэазвароты.
Нідзе ў краіне карагоды яшчэ не водзяць, а ў Белавежскай пушчы нават запалілі агні на вечназялёнай прыгажуні. У маёнтку і новая навагодняя ёлка. Сёння ў маладой пераемніцы своеасаблівы дэбют. Яна ўпершыню паўстала ў якасці галоўнага сімвала самага чароўнага свята. А гэта значыць - навагодняя кампанія ў Беларусі стартавала.