У Полацк вярнуўся сцяг кадэцкага корпуса

5 Кастрычніка 2019

Значная падзея ў гісторыі Полацкага кадэцкага корпуса. Гістарычны сцяг навучальнай установы праз сто гадоў вярнуўся на радзіму. У гады Першай сусветнай вайны палотнішча было эвакуіравана . Захоўвалася ў Расіі, потым у Еўропе, і нават у адным з праваслаўных храмаў Нью-Ёрка. Сёння артэфакт перададзены сучасным полацкім кадэтам.

Вольга Маслоўская стала сведкай гістарычнай падзеі. Урачыста і беражліва на сцэну выносяць святыню. Сцягу Полацкага кадэцкага корпуса 175 гадоў. Палотнішча стала старое, таму захоўваецца ў футарале. Але яно ёсць, і гэта цуд, - гавораць ваенныя гісторыкі. Першая сусветная, эвакуацыя корпуса, потым рэвалюцыя і загад знішчыць імператарскія сцягі. Гісторыя сімвала кадэцкай доблесці - няпростая і трагічная.

Полацкі кадэцкі корпус - адзін з найстарэйшых на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Кадэцкі корпус у Полацку быў створаны па загаду імператара Мікалая Першага для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да воінскай службы. Прымалі юнакоў ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. У 1835 годзе першыя кадэты пераступілі парог гэтага будынка. Зараз тут адзін з карпусоў Полацкага дзяржуніверсітэта. Будынку больш за 250 гадоў, так што і сёння можна прайсці па лесвіцы, па якой бегалі кадэты, і ўбачыць гарматнае ядро, якое захраснула ў муры. Гэты напамінак аб Айчыннай вайне 1812 года кадэты шанавалі асоба.

Гэтыя сцены выхавалі шмат патрыётаў. Сярод выпускнікоў - герой Руска-японскай вайны генерал Кандраценка, военачальнікі Рускай імператарскай арміі камандуючыя франтамі Першай сусветнай генерал Смірноў і генерал Рагоза. Яшчэ дзясяткі прозвішчаў выдатных палкаводцаў, палітычных дзеячаў, навукоўцаў.

Пераемнікам традыцый стала адкрытае ў 2010 годзе Полацкае кадэцкае вучылішча. Пяць гадоў назад кадэтам перадалі дакладную копію старажытнага сцяга. Да яго палотнішча прымацаваны фрагмент арыгінала. Але, нават атрымаўшы дакладную копію святыні, у Полацку працягвалі верыць, што на радзіму вернецца той самы, падараваны ў 1844 годзе. Да апошняга часу самая старажытная воінская рэліквія Беларусі захоўвалася ў сінадальным Знаменскім саборы Нью-Ёрка.

Калі дата ўрачыстасцяў з нагоды перадачы рэліквіі ўжо была прызначаная, заўважылі: на календары той жа дзень, што і 175 гадоў назад, калі полацкія кадэты атрымалі падараваны імператарам сцяг. Канцы гістарычнай ніткі злучыліся.