У падтрымку міру і дабрабыту на Зямлі. У сталіцы высадзілі алею рабін

22 апреля 2019

У цэнтры сталіцы  сёння высадзілі алею рабін як сімвал сямнаццаці  Мэтаў устойлівага развіцця. Беларусь падтрымлівае сусветную стратэгію па захаванні планеты для будучых пакаленняў. Да навядзення парадку на зямлі і азелянення гарадоў далучаюцца прадстаўнікі розных сфер. Сёння лапаты і лейкі ўзялі ў рукі  прадстаўнікі бізнес-супольнасці. Як прайшоў марафон дабра, раскажа  Святлана Чарнова. 

Панядзелак. На гадзінніку 15:00. Для топ-менеджменту самы час для актыўнай працы. Але сёння кіраўнікі беларускага бізнесу, банкіры і дабрачынцы знайшлі час у сваім шчыльным графіку, каб высадзіць алею ў падтрымку міратворчай праграмы ААН. 17 рабін у цэнтры Мінска зараз сімвалізуюць 17 глабальных Мэтаў устойлівага развіцця, накіраваных на паляпшэнне жыцця чалавецтва.

Сусветная стратэгія дабрабыту на Зямлі, якой прытрымліваюцца 193 краіны, у тым ліку і наша дзяржава. Барацьба са  змяненнем клімату, добрае здароўе, захаванне экасістэм. Работа над дасягненнем сямнаццаці маштабных мэтаў у эканамічнай, сацыяльнай і экалагічнай сферах запланавана да канца 2030 года. 

Для гэтага ля  кожнай рабіны ўсталявалі інфармацыйныя таблічкі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Дарэчы, невыпадкова рабінавую алею пасадзілі сёння: 22 красавіка адзначаюць Міжнародны дзень Маці-Зямлі. Свята ўстаноўлена Генеральнай асамблеяй ААН у знак падзякі нашаму вялікаму агульнаму дому.