У падарунак да Новага года школьнікі Веткаўскага раёна атрымалі практычна новую школу

28 декабря 2019
Абноўлены храм ведаў з'явіўся ў аграгарадку Радуга. Будаўнічыя работы там пачаліся ў мінулым годзе  1 чэрвеня, як раз у Міжнародны дзень абароны дзяцей. Завяршыць іх планавалі ў студзені 2020. Але будаўнікі прынялі рашэнне паскорыцца і здаць аб'ект прама да навагодніх і калядных свят. Падарунак быў доўгачаканым. Да гэтага ў старой школе не было памяшканняў для пачатковага звяна, утульнай актавай залы. Частку заняткаў праводзілі ў спартыўнай зале, а ў сталовую хадзілі ў суседні будынак. Што змянілася дзякуючы рэканструкцыі - у рэпартажы Ганны Кавалёвай.

Надыходзячы Новы год гэтыя першакласнікі сустракаюць уваходзінамі. Заняткі - у новых кабінетах. Да гэтага вучэбныя і дадатковыя памяшканні былі раскіданы ў розных будынках. Цяпер усё ў адным месцы. Прычым новыя кабінеты атрымалі і новае напаўненне,  у тым ліку дзіцячыя парты, якія рэгулююцца.

Школа з паўвекавой гісторыяй даўно патрабавала рукі будаўнікоў. Аварыйнай яе прызналі яшчэ 8 гадоў таму. Драўляныя перакрыцці, дах, падмурак - мяняць трэба было ўсё. Вынікам стаў практычна новы будынак.

Акрамя навучальных класаў, абнаўленне прайшлі кабінет псіхічнай разгрузкі, медпункт, настаўніцкая і актавая зала. У ёй ужо праходзяць навагоднія ранішнікі. Дарэчы, раней такога памяшкання на базе школы не было ўвогуле. Як і спальных і гульнявых пакояў для груп падоўжанага дня. І нават да дырэктара самых непаслухмяных вучняў тут не вадзілі - было проста няма куды. Кабінета ў дырэктара таксама не было. Цяпер прабелы ліквідавалі. З навінак таксама і вулічная пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху.

Гэтай падзеі чакаў увесь аграгарадок і нават раён. У паўднёвым напрамку гэта адзіная сярэдняя школа. Яна аб'ядноўвае школьнікаў усяго сельсавета. Палову навучэнцаў падвозіць школьны аўтобус. І попыт на сярэднюю школу будзе толькі расці. У аграгарадку актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, прыязджаюць маладыя спецыялісты.

І, дарэчы, яны будуць. У планах  будаўніцтва і праектаванне адразу дзвюх школ у Гомелі. Акрамя таго, новы дзіцячы садок у хуткім часе з'явіцца ў Мазыры.