Мастацкае выхаванне і творчае развіццё круглы год. Пад такім дэвізам ужо больш за паўвека працуе Цэнтр культуры ў Плешчаніцах. Людзей розных узростаў там заахвочваюць заняткамі па інтарэсах. Асабліва шырокі дыяпазон секцый і аб'яднанняў для дзяцей. Напярэдадні маленькія і юныя выхаванцы Цэнтра культуры трымалі творчую справаздачу. І падчас летніх канікул працягваюць займацца арт-развіццём.
Наталля Бардзілоўская пра тое, чым уражваюць плешчаніцкія артысты. У глыбінцы летам жывуць не толькі сельгаспадарчымі клопатамі. Паглядзіце, яблыку няма дзе ўпасці ў канцэртнай зале Плешчаніцкага цэнтра культуры. І ў закуліссі, на мясцовай сцэне артысты змяняюцца дзясятак за дзясяткам. Можа не адзіны ў краіне, у вобласці, але вельмі паспяховы вопыт арганізацыі адпачынку і творчай занятасці дзяцей тут спалучыўся з выдатнымі матэрыяльна-тэхнічнымі ўмовамі. Летась у гарадскім пасёлку аднавілі адзін з цэнтральных яго будынкаў - капітальна адрамантавалі Цэнтр культуры. Інтэр'ер папоўнілі новай мэбляй і інвентаром, рэканструявалі залу на 158 пасадачных месцаў. З навінак прафесійны гук і святло, адчуць якасць якіх можна было на гэтым, можна сказаць, гала-канцэрце мясцовых талентаў.
Плешчаніцкі цэнтр культуры вядзе сваю гісторыю з 50-х мінулага стагоддзя. Ніколі не пуставаў. Установа і раней, і цяпер практыкуе дзень адчыненых дзвярэй для заахвочвання дзяцей да заняткаў рознымі відамі мастацтва і творчасці. Асноўны кантынгент наведвальнікаў цэнтра – выхаванцы ад 5 да 18, але ёсць тут і аб'яднанні для дарослых, і нават для людзей сталага ўзросту, якія б жадалі спяваць, танцаваць і дэманстраваць свае арт-поспехі.
На сценах культурнага цэнтра дыпломы і граматы раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных фестываляў і конкурсаў. Адным з самых вядомых калектываў установы, які прывозіць на малую радзіму - у Плешчаніцы - творчыя перамогі, з'яўляецца вакальнае аб'яднанне Media Voicе.
Вакальныя групы "Душа спявае", "А-capella", "Палітра", тэатральныя студыі "Авацыя" і "Батлейка", аматарскае аб'яднанне "Ладачкі", гурток "Вясёлка творчасці" - далёка не ўсе творчыя суполкі, якія дапамагаюць мясцовым жыхарам развівацца духоўна і эстэтычна і напаўняць сваё жыццё мастацтвам.
Выніковы канцэрт, якім тут завяршылі чарговы навучальны год, зусім не азначае, што мясцовы Цэнтр культуры, цэнтр дзіцячай творычасці возьме паўзу. На працягу школьных канікул тут будуць ладзіцца рэпетыцыі, заняткі, color-фэсты. Адным словам, каля сотні плешчаніцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама дзеці з навакольных вёсак будуць творча занятыя.
У Плешчаніцах сваю творчасць прадэманстравалі танцоры і вакалісты, тэатралы і мадэлі
10 июня 2021













