У планах сталічных камунальнікаў зменшыць колькасць смеццевых шахт у дамах

14 ноября 2018

На тысячу смеццеправодаў менш. У планах сталічных камунальнікаў на наступны год яшчэ на тысячу зменшыць колькасць смеццевых шахт у дамах. Менавіта яны часта бываюць прычынай антысанітарыі і з’яўлення насякомых і грызуноў у дамах. Зараз у сталіцы смеццеправоды функцыянуюць у 2 тысячах дамоў. Сёлета спецыялісты заварылі больш за 500 ствалоў. Дарэчы, менавіта смеццевая шахта яшчэ і вялікая перашкода да выхавання звычкі паасобнага збору смецця ў сталіцы. Падрабязна Наталля Кезік.

Згоду заварыць смеццеправод у новабудоўлі жыхары 22 дома на Налібоцкай падпісалі ў дзень атрымання ключоў ад сваіх кватэр. Шахты камунальнікі заблакіравалі за некалькі дзён. І ўжо на працягу пяці гадоў жыхары спраўна выносяць смецце ў кантэйнеры побач з домам.

Жыхарам гэтага дома не прыйшлося нават выбіраць – заварваць шахту альбо не. Згодна з будаўнічым праектам, смеццеправод у доме не прадугледжаны. Замест яго побач з домам абсталявана кантэйнерная пляцоўка. А вось жыхары гэтага дома не змаглі дамовіцца і заварыць смеццеправод ва ўсім доме. Таму некаторыя ўладальнікі кватэр самастойна закрылі шахты на сваім паверсе.

На сёння ў Фрунзенскім раёне амаль у палове дамоў шахты закрыты. Заварыць смеццеправод можна толькі са згоды жыльцоў дома. Прычым подпіс «за» павінны паставіць не менш за палову жыхароў.

Апошні час жыхары самі становяцца ініцыятарамі закрыцця смеццевых шахт. За апошнія тры гады ў сталіцы закансервавалі без малога 3 тысячы ствалоў у 900 дамах.

Паводле статыстыкі, дапамога камунальных службаў ўдвая часцей неабходна жыльцам дамоў, дзе ёсць смеццеправод. Ён прычына непрыемнага паху, насякомых і грызуноў у пад’ездзе, якія, як правіла, з'яўляюцца ў забруджаных смеццеправодах. У шахтах спецыялісты не аднойчы знаходзілі дываны, шафы і нават дзіцячыя каляскі.

З пачатку гэтага года камунальнікі заварылі больш за 500 шахт, у планах на наступны – яшчэ тысяча смеццеправодаў.