У планах будучых аграномаў стварэнне першага ў Беларусі электратрактара

7 ноября 2019
Як вырасціць гатункі бульбы, устойлівыя да вірусаў, і пры гэтым атрымаць два ўраджаі на год, ведаюць студэнты Навагрудскага аграрнага каледжа. У спісе ноу-хау толькі перадавыя кірункі, і не толькі ў сельскагаспадарчай сферы. У планах будучых аграномаў стварэнне першага ў Беларусі электратрактара. Юрый Карняловіч пагутарыў з маладымі навукоўцамі.

Ініцыятарамі прагрэсіўных ідэй у Навагрудскім аграрным каледжы заўсёды былі навучэнцы. Удасканаленнем палівальнага агрэгата або мадэрнізацыяй тэхналогіі апрацоўкі глебы тут даўно нікога не здзівіш. Будучы аграном Андрэй Балабан, да прыкладу, вядзе з аднакурснікамі маштабную навуковую работу па стварэнні вірусаўстойлівых гатункаў бульбы. І, як гэта бывае ў навуцы, цалкам выпадкова хлопцы зрабілі яшчэ адно адкрыццё. Атрымліваць ураджай ад некаторых ранніх гатункаў можна два разы на год.

Новы кірунак у навуковых пошуках - аднаўляльная энергетыка. Навучэнцы распрацавалі праект па ўсталёўцы ў каледжы сонечных батарэй, гелеанагравальнікаў і нават уласнай ветраўсталёўкі. У адміністрацыі горада ідэю падтрымалі і дапамаглі ўвасобіць у жыццё. Зараз адзін са студэнцкіх інтэрнатаў сілкуецца энергіяй ветру.

Больш за тое, у каледжы нават адкрылі новую спецыяльнасць, дзе навучаюць рацыянальна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы. Ахвочых вучыцца нямала. І ўсе прыходзяць са сваімі ідэямі.

Прапагандаваць экалагічную падкаванасць сталі не толькі сярод навучэнцаў. На спецыяльныя заняткі запрашаюць школьнікаў і нават работнікаў прадпрыемстваў райцэнтра.

Летась на базе каледжа быў адкрыты спецыяльны навучальны цэнтр, дзе навучэнцам распавядаюць, як правільна эканоміць рэсурсы. Да прыкладу, ваду пры дапамозе розных канструкцый крана або электрычнасць пры дапамозе розных бытавых прыбораў.

У планах навучэнцаў каледжа сканструяваць першы ў краіне электрычны трактар для працы ў цяпліцах і фермерскіх гаспадарках. Канцэпцыя такога агрэгата ўжо распрацоўваецца. Паралельна вядуцца пошукі партнёраў для яе ажыццяўлення.