У Пінску супрацоўнік гарвыканкама два гады вядзе пошукава-даследчую працу

9 марта 2015

Ён збірае звесткі аб байцах, загінуўшых падчас аперацыі па вызваленні сталіцы Палесся ў ліпені 44-га года. Яму ўжо ўдалося ўстанавіць каля 80 новых імёнаў, сярод якіх і Герой Савецкага Саюза.

Чаму і праз 70 гадоў пасля Перамогі ў гісторыі вайны застаюцца белыя плямы - разбіралася Вікторыя Патоня.

Юрый Бушык увесь вольны час прысвячае гісторыі - збірае звесткі пра байцоў, загінуўшых пры вызваленні Пінска. Пошукавая праца пачалася два гады таму вось з гэтага ліста ад жыхаркі Цвярской вобласці, якая цікавілася, ці сапраўды ў сталіцы Палесся загінуў яе дзядзька.

Юрый Бушык, загадчык сектара ідэалагічнай працы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама: "Устаноўлена, што сапраўды ён ваяваў, загінуў і пахаваны ў Пінску, але імя яго не было ўшанавана на мемарыяльных плітах. І тады ўзнікла здагадка, што гэты чалавек не адзіны ў такім родзе".

Паступова Юрый сфарміраваў банк звестак аб чырвонаармейцах, якія загінулі і выжылі. Гэта амаль 3 сотні дасье, 76 імёнаў устанавіў упершыню. Таксама пошукавік адкарэктаваў спісы аб незваротных стратах: выпраўлены памылкі ў прозвішчах, датах нараджэння, назвах часцей. Юрый гаворыць, што сёння са шматлікіх дакументаў зняты грыф "сакрэтна". Інфармацыю можна атрымаць дзякуючы сайтам архіваў у розных краінах. Дапамагаюць знайсці звесткі і калегі - пошукавікі з Расіі, Польшчы, Германіі, краін Балтыі.

Юрый Бушык, загадчык сектара ідэалагічнай працы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама: "Удалося ўстанавіць, што многія з людзей, якія раней лічыліся загінуўшымі, выжылі. У прыватнасці, у нашым спісе такіх чалавек аказалася 11. Многія з салдат проста падалі ў ваду і нават у некаторых пахавальных дакументах адзначана не месца пахавання, а напісана "цела панесла цячэнне ракі". У наступных дакументах мы бачым, што гэтыя людзі з'яўляліся. Альбо іх вылоўлівалі з ракі, альбо іх медыкі падбіралі і выходжвалі".

Менавіта такая гісторыя адбылася з ураджэнцам Пінскага раёна Пятром Іванавічам Бясанам. Некалькі дзесяцігоддзяў яго імя значылася ў спісах загінуўшых.

Але насамрэч радавы з вайны вярнуўся жывым услед за пахавальнай. Святлана Міскевіч добра памятае свайго дзядзьку, гаворыць, шмат разоў была ля брацкага пахавання, але думала, што на гранітнай пліце імя не сваяка, а цёзкі.

Святлана Міскевіч, пляменніца радавога П.І. Бясана: "Паранены быў, у шпіталь трапіў. І ўжо даведаліся пра яго, што жывы, толькі ў Польшчы. Лічу, вельмі шчаслівыя тыя, у каго жывыя яшчэ зараз удзельнікі вайны. І трэба распытваць тых, хто яшчэ жывы, каб захавалася сапраўдная гісторыя".

Мясцовыя краязнаўцы гавораць, што ў гісторыі нямала выпадкаў, калі з-за памылкі ў прозвішчы ўзнагароды не знаходзяць герояў. Сёння, каб стаць пошукавікам, важна ўмець карыстацца архівам.

Баі за вызваленне сталіцы Палесся нават нямецкія гісторыкі лічаць сенсацыйнымі. У памяць аб подзвігу рачнога дэсанта на набярэжнай усталяваны бранякатар. Нядаўна адкрыты для турыстаў дот Малчанава - бункер, ацалелы ў Вялікую Айчынную, дзе ішлі найбольш жорсткія баталіі.

Новыя імёны загінуўшых байцоў будуць ушанаваны тут, у мемарыяльным комплексе воінам-вызваліцелям горада. Зараз помнік на рэканструкцыі, але ўжо да Дня Перамогі яго ўрачыста адкрыюць. Мяркуецца, што ў цырымоніі памяці прымуць удзел і сваякі некаторых салдат і афіцэраў, прозвішчы якіх доўгі час былі невядомыя.

На гранітнай пліце з'явіцца яшчэ адзін надпіс - Якаў Маскаленка. А каб подзвіг другога ў гісторыі Героя Савецкага Саюза, які атрымаў гэта званне менавіта за вызваленне Пінска, быў вядомы многім, у год 70-годдзя Перамогі ў яго гонар назавуць адну з вуліц сталіцы Палесся.