У першы дзень верасня Беларусь адзначыла Дзень ведаў

4 сентября 2016

Урачыстыя лінейкі прайшлі ў больш як 3 тысячах беларускіх школ. У цэлым у гімназіі і школы прыйшло каля мільёна хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта на 13 тысяч больш, чым летась. За парты селі і 110 тысяч першакласнікаў.

У тым ліку і іх са святам 1 верасня павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы наведаў 13 мінскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху. Гэта адна з найстарэйшых навучальных устаноў Мінска. Сёння ў 14-ці класах тут навучаюцца 120 дзяцей, прычым з усёй Беларусі. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з умовамі пражывання, навучання, сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі  і, безумоўна, зазірнуў на ўрок  да першакласнікаў. Кожнае дзіця атрымала ад Прэзідэнта  кнігу - "Мая Радзіма -  Беларусь". Яшчэ адзін падарунак для школы - мультымедыйны борд брэнда "Гарызонт". Праграмнае забеспячэнне інтэрактыўнай панэлі  адаптавана для дзяцей з парушэннямі слыху.

Сёлета выдаткі дзяржавы на адукацыю  складуць амаль 5 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Гэта  5 % ВУП. Дарэчы, у гэтым навучальным сезоне ў рукзаках школьнікаў з'явяцца 28 новых кніг. На старонках менш тэксту, больш карт, графікаў і дыяграм. Навінкі першымі ацанілі шасцікласнікі.